Біскуп Алег Буткевіч сустрэўся з працаўнікамі Віцебскай абласной клінічнай бальніцы | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
10.02.2017 08:32

9 лютага біскуп Віцебскі Алег Буткевіч сустрэўся з адміністрацыяй і медыкамі Віцебскай абласной клінічнай бальніцы. Нагодай стаў Сусветны дзень хворага, які ў Каталіцкім Касцёле ўстанавіў 25 гадоў таму св. Ян Павел ІІ.

У прамове да калектыва самай буйной у Віцебскай вобласці установы аховы здароўя іерарх распавёў пра аб’яўленні Маці Божай з Люрда, ва ўспамін якой — 11 лютага — і адзначаецца Сусветны дзень хворага. Біскуп Буткевіч нагадаў пра шматлікія аздараўленні, якія адбываюцца ў санктуарыі Маці Божай у Люрдзе ўжо на працягу стагоддзя.

Біскуп Алег Буткевіч адзначыў неабходнасць міласэрднага падыходу да кожнага пацыента: «Бачце ў кожным хворым церпячага Хрыста! Як напісана ў Евангеллі паводле святога Мацвея: “Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне. …Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”, — адзначыў іерарх. — Заўсёды памятайце, што медыцына — гэта пакліканне, а не прафесія: немагчыма аздараўляць толькі цела, не кранаючы душу».

Біскуп Буткевіч заклікаў медыкаў памятаць пра штодзённую малітву аб аздараўленні хворых і пра дапамогу Духа Святога ў цяжкіх выпадках, калі здаецца, што лякарствы не дапамагаюць: «Верце, і будзе дадзена вам па веры вашай!»

Іерарх падзякаваў працаўнікам аховы здароўя за адданае служэнне людзям і запэўніў у малітоўнай падтрымцы.

У сустрэчы прымаў удзел кс. Клеменс Верт SJ.

Людміла Ярмолава
(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by