На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
14.06.2017 12:49

На абразку няма ні даты, ні месца друку, ні пазнакі аб дазволе духоўнай улады на друк. Паходжанне абразка — загадка.

Каляровы друк з залацістымі ўстаўкамі быў характэрны для абразкоў, датаваных ад 1890-х да пачатку Першай Сусветнай вайны.

Гэты абразок Маці Божай Вастрабрамскай я знайшоў паміж старонак кніжачкі «Żywy różaniec», якую летась даслала мне Юлія Цярэнцьева з вёскі Зарачча на Браслаўшчыне.

Аднойчы Юлія напісала, што ў яе ёсць старыя каталіцкія выданні і папрасіла парады, што з імі рабіць. Я прапанаваў даслаць іх мне і паабяцаў перадаць іх у музей Віцебскай дыяцэзіі, калі ён будзе створаны (размовы пра музей ходзяць у дыяцэзіі не першы год).



У старых малітоўніках і рэлігійных кніжках часта можна знайсці папяровыя абразкі. Іх укладалі як закладкі між старонкамі ці проста, каб не згубіўся. Разгарнуўшы кніжачку «Żywy różaniec», якую даслала мне Юлія, я знайшоў моцна патрапаны каляровы абразок Маці Божай Вастрабрамскай. Перагарнуў яго — і быў вельмі здзіўлены.

На зваротным баку абразка быў надрукаваны верш па-беларуску лацінкай. Частка тэксту страчана, аднак лёгка было зразумець, што гэта за верш. «Матачка Божая, Матачка Добрая, бедныя дзеці мы клічам Цябе…» — песню на гэтыя словы, злёгку змененую, сёння спяваюць у многіх беларускіх касцёлах.

Простыя і натхнёныя словы, напісаць якія мог толькі такі аўтар, які не толькі паэтычны дар меў, але і добра ведаў душу беларуса-селяніна.

Матачка Божая, Матачка добрая,
Бедныя дзеці, мы клічам Цябе.
Песняй пакорнаю мольбы складаючы,
Сэрцы свае аддаём мы Табе.

Нас, сваіх дзетачак, што ў Цябе просяцца
Матачка Добрая, Ты пашкадуй;
Ласкай аджыўчаю Бога Прадвечнага,
Матачка Божая, нас абдаруй.

Вылеч Ты сэрца нам раны глыбокія,
Міласцяй чыстаю нас запалі,
Каб хвала Божая ўмест жальбы вечныя,
Ў неба ляцела, ляцела з зямлі.

Светам нябесным галовы нам цёмныя,
Матачка Божая, Ты асвяці,
Каб мы пазналі Мудрасць Адвечную,
Богу служылі тут верна ў жыцці.

Дай жа нам, дзеткам, дарожаньку простую,
Хвіліну смерці шчасьлівую дай.
Вядзі нас, Матачка, зоранька ясная,
У вечную хвалу, у цудны Божы рай.

Гэтая рэлігійная песня лічыцца народнай. У пачатку ХХ стагоддзя яе паклаў на музыку ксёндз Фабіян Абрантовіч, які быў беларусам і ідэйным прыхільнікам беларускага адраджэння. Песня была надрукаваная ў малітоўніку «Голас душы», выдадзеным у 1926 годзе ў Вільні. Укладальнікам гэтага малітоўніка быў ксёндз Канстанцін Стэповіч.

На абразку няма ні даты, ні месца друку, ні пазнакі аб дазволе духоўнай улады на друк. Паходжанне абразка — загадка. Трэба сказаць, што каляровы друк з залацістымі ўстаўкамі быў характэрны для абразкоў, датаваных ад 1890-х да пачатку Першай Сусветнай вайны.

Прынамсі такую выснову можна зрабіць, прааналізаваўшы калекцыю каталіцкіх абразкоў, якую я сабраў у ваколіцах Глыбокага. Абразкі, датаваныя міжваенным перыядам, такога афармлення не мелі.

Гістарычных звестак пра друк беларускіх абразкоў перад Першай Сусветнай вайной вельмі мала. У 1912 годзе Рамуальд Зямкевіч перасылаў Аляксандру Ельскаму «абразок Маці Божай Вастрабрамскай з вершаванай малітвай пяра Сыракомлі. Ці не адзін з абразкоў гэтага выдання знайшоўся на Браслаўшчыне?

Працяг чытайце тут››

Кастусь Шыталь, nn.by

 
© 2003-2024 Catholic.by