Святая Імша з удзелам святароў, якія паходзяць з Браслаўшчыны | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
22.08.2009 12:54

22 жніўня 2009 г. ранішнюю святую Імшу ў браслаўскім санктуарыі ўзначаліў біскуп Кірыл Клімовіч, ардынарый дыяцэзіі св. Юзафа ва Усходняй Сібіры з цэнтрам у Іркуцку. Літургію канцэлебравалі святары, якія паходзяць з Браслаўшчыны. Сёння яны нясуць сваё служэнне ў розных кутках Беларусі і за яе межамі.

У гаміліі біскуп Клімовіч, які таксама родам з гэтых мясцін, заклікаў святароў быць вернымі свайму пакліканню, і «брамы пякельныя ніколі не перамогуць тое, што Божае, тое, што святое».

«Сёння мы станем сведкамі, як рукамі кардынала Ёахіма Майснера на абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў будуць ускладзены кароны», — адзначыў біскуп і пры гэтым падкрэсліў, што гэта будуць не толькі яго рукі — рукі святара, гэта будуць рукі ўсяго духавенства і вернікаў, бо кароны — гэта не проста каштоўнае ўпрыгожанне, але найперш выражэнне пашаны.

На заканчэнне святой літургіі ад імя святароў, якія нарадзіліся на Браслаўшчыне, кс. Марат Казлоўскі, пробашч парафіі Імя Марыі ў Парафіянава (Докшыцкі дэканат), падзякаваў Маці Божай за дар жыцця вечнага, і прасіў, каб дапамагла даканца быць вернымі найвышэйшай Любові. Святар падзякаваў усім прысутным за малітву, якая з’яўляецца сапраўднай і вельмі моцнай падтрымкай для кожнага, хто адказаў на голас Пана і крочыць няпростым шляхам святарскага паклікання.

Валянціна Крутая

  


Фота В. Палінеўскага

 
© 2003-2024 Catholic.by