31 мая — свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі | Друк |

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Саф 3, 14–18

Пан, кароль Ізраэля, пасярод цябе

Чытанне кнігі прарока Сафоніі.

Радуйся, дачка Сіёна! Трыумфуй, Ізраэль! Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерузалема! Адмяніў Пан прысуд над табою, прагнаў ворага твайго! Пан, кароль Ізраэля, пасярод цябе: ужо больш не ўбачыш зла.

У той дзень скажуць Ерузалему: Не бойся! – і Сіёну: Няхай жа не слабнуць рукі твае! Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, Ён збавіць! Будзе вельмі радавацца табе, узрушаны ў любові сваёй, будзе цешыцца табою ў  весялосці, як у святочны дзень.

Я забяру ад цябе нядолю, каб не было больш на табе сораму.

Гэта слова Божае.

а

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
         Іс 12, 2–3. 4bcd. 5–6  (Р.: 6b)

Рэфрэн: Вялікі сярод цябе Святы Ізраэля.

2. Вось Бог — маё збаўленне, на Яго спадзяюся і баяцца не буду.*
Бо Пан — мая моц і мая песня, Ён стаў маім збаўленнем.
3. Вы з радасцю будзеце чэрпаць ваду *
з крыніцаў збаўлення.

Рэфрэн:

4. Праслаўляйце Пана, *
заклікайце імя Ягонае
і абвяшчайце сярод народаў справы Яго; *
нагадвайце, што ўзнёслае імя Ягонае.

Рэфрэн:

5. Спявайце Пану, бо Ён учыніў вялікія рэчы, *
абвясціце гэта па ўсёй зямлі.
6. Весяліся і радуйся, жыхарка Сіёну, *
бо вялікі сярод цябе Святы Ізраэля.

Рэфрэн:а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
пар. Лк 1, 45
Шчаслівая Панна Марыя, якая паверыла,
што споўніцца сказанае Ёй Панам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 1, 39–56

Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.

Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі і благаславёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго  загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам.

Тады сказала Марыя:
Велічае душа мая Пана,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы.
Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі,
і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,
а імя Яго святое.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне
над тымі, хто Яго баіцца.
Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.
Скінуў магутных з трону
і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў, *
а багатых ні з чым адправіў.
Прыняў свайго слугу Ізраэля, *
памятаючы пра сваю міласэрнасць,    
як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі.
І прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой.

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

 
© 2003-2024 Catholic.by