«L’Osservatore Romano» аб невядомым лісце Пія ХІІ | Друк |
Дзяржава Ватыкан
19.11.2010 13:35

3 студзеня 1943 г. папа Пій ХІІ звярнуўся да нямецкіх католікаў у лісце, дзе назваў сітуацыю ў Трэцім Рэйху «via crucis» — крыжовым шляхам. Гэты дакумент стаў вядомым толькі ў 1966 г. у шматтомным выданні «Actes et Documents du Saint Siège relatifs à la Seconde Guerre Mundiale». Да ліста звяртаецца ў новым нумары штотыднёвік Апостальскай Сталіцы «L’Osservatore Romano».

Як адзначаецца, тагачасны старшыня нямецкага епіскапату кардынал Адольф Бертрам прыняў рашэнне не распаўсюджваць папскі ліст. На думку кардынала, у ім прысутнічалі словы, якія маглі б выклікаць вялікую злосць як з боку ўраду, так і нацысцкай партыі. Кардынал дадаваў, што «ўрад Рэйха заўсёды спакойна ўспрымае крытыку і скаргі, якія выражаюцца ў суровых словах, калі толькі яны не становяцца вядомымі народу або варожым краінам. Крытыка ж, якая выказваецца публічна і даходзіць да непрыяцеляў, выклікае вялізны гнеў».

Як дадае ад сябе «L’Osservatore Romano», «папа Пачэллі больш за ўсё баяўся няправільнага разумення сваіх словаў вернікамі, найперш у Германіі». «Асабліва ён клапаціўся аб тым, каб яго выказванні супраць агрэсіўнай і знішчальнай палітыкі Гітлера не пашкодзілі ўсяму нямецкаму народу, які не ведае, што адбываецца… Нягледзячы на гэта, ён вырашыў звярнуцца непасрэдна да нямецкіх католікаў. У сваім лісце, між іншым, ён пісаў: „Апошняе дзесяцігоддзе жыцця і дзейнасці католікаў на нямецкай зямлі — гэта via crucis, горыч і знішчальную справу якой ва ўсім яе маштабе ведае толькі Бог“. Папа казаў таксама аб тых, якія ідучы за нацысцкай прапагандай, пашкодзілі Касцёлу: „Адчуваю глыбокі смутак з-за тых, якія не ўтрымалі вернасць Хрысту і Яго Касцёлу“».

 
© 2003-2024 Catholic.by