Ватыканскі іерарх: разведзеныя не выключаны з Эўхарыстыі | Друк |
Дзяржава Ватыкан
30.10.2012 11:10

Старшыня Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў кардынал Антоніа Канісарэс адзначыў, што Эўхарыстыя з’яўляецца асновай новай евангелізацыі. Іерарх нагадаў таксама, што асобы, якія пасля разводу заключылі новы сужэнскі саюз, могуць духоўна прымаць Камунію.

Як адзначыў кардынал, разведзеныя асобы, якія жывуць у новых саюзах, могуць удзельнічаць у Эўхарыстыі, аднак, няпоўна, паколькі жывуць «не ў поўнай камуніі з Касцёлам», якую азначае Эўхарыстыя. У падобных сітуацыях Касцёл прапануе такім асобам «духоўную камунію, якая з’яўляецца прагненнем камуніі».

Кардынал Канісарэс заўважыў, што сакрамэнт Эўхарыстыі найперш палягае на духоўнай камуніі, праз якую чалавек злучаецца з Хрыстом падчас цэлебрацыі Найсвяцейшай Ахвяры, каб пасля прыняць эўхарыстычную камунію. Адна не можа існаваць без другой, пра што ў адгартацыі «Familiaris consortio» пісаў бл. Ян Павел ІІ.

Іерарх нагадаў таксама пасланне Кангрэгацыі Веравучэння да біскупаў (1994 г.), у якім пацвярджаецца, што разведзеныя асобы, якія нанова стварылі сужэнствы, не могуць прымаць святую Камунію, паколькі сужэнства з’яўляецца вобразам непарыўных адносінаў паміж Хрыстом і Касцёлам. Вялікі Папа заахвочваў такія пары ўдзельнічаць у жыцці Касцёла настолькі, наколькі гэта магчыма: ходзячы на Імшу, адаруючы Эўхарыстыю, выконваючы пабожныя практыкі і прымаючы духоўную камунію.

(SZh)

 
© 2003-2024 Catholic.by