Прэзідэнт Германіі: я прыбыў да Папы як чалавек і хрысціянін | Друк |
Дзяржава Ватыкан
07.12.2012 10:51

Асаблівым перажываннем для Прэзідэнта Германіі Ёахіма Гаука падчас візіту ў Апостальскую Сталіцу стала малітва пры гробе бл. Яна Паўла ІІ. У гэтым нямецкі лідар прызнаўся пасля таго, як сустрэўся 6 снежня са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI.

Кажучы пра сваё наведванне месца пахавання Яна Паўла ІІ, Ёахім Гаук падкрэсліў, што высока ацэньвае тую цвёрдасць, з якой Касцёл у Польшчы адказваў на выклікі камуністычнага рэжыму. Прэзідэнт адзначыў «сілу, якую вера давала там людзям, якія знаходзіліся пад уціскам».

Пры ўваходзе ў пакоі Пантыфіка Ёахім Гаук звярнуўся да Папы са словамі: «Я Прэзідэнт Германіі, але прыбыў найперш як чалавек і хрысціянін». Пазней Прэзідэнт адзначыў, што «не хацеў размаўляць са Святым Айцом пра розніцы паміж канфесіямі, але пра тое, што яднае католікаў і пратэстантаў». Суразмоўцы пагадзіліся ў тым, што сённяшняму свету «не хапае Бога».

Таксама Папа і нямецкі лідар абмяркоўвалі тэму свецкіх рухаў у Касцёле. «Для мяне пытанне супрацоўніцтва настолькі важнае, што я размаўляў пра гэта з Пантыфікам», — сказаў Прэзідэнт.

Ёахім Гаук дадаў, што гэтым візітам хацеў паказаць, як Прэзідэнт Германіі, «хоць з’яўляецца пратэстантам, звяртаецца і да католікаў».

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by