У Ватыкане зноў магчымы безнаяўныя плацяжы | Друк |
Дзяржава Ватыкан
13.02.2013 13:10

Наведвальнікі і турысты Ватыкана могуць зноў выконваць плацяжы без наяўных. Заблакаваныя для міжнародных крэдытных картак на пачатку года банкаматы зноў пачалі дзейнічаць. Аб гэтым паведаміў 12 лютага старшыня Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі.

Па інфармацыі Ватыканскага радыё, замест італьянскага філіялу «Deutsche Bank» ватыканскія грашовыя тэрміналы будзе абслугоўваць швейцарскі «Aduno SA». Гэты банк у будучым будзе гарантаваць правядзенне безнаяўных аперацый у Ватыкане.

1 студзеня 2013 г. Банк Італіі адклікаў ліцэнзію «Deutsche Bank Italia» на абслугоўванне банкаматаў на тэрыторыі Ватыкана. Гэта прывяло да таго, што фінансавыя аперацыі, такія, як купля квіткоў у Ватыканскія музеі, маглі адбывацца толькі наяўнымі. У якасці абгрунтавання Банк Італіі заяўляў аб тым, што ватыканскае фінансавае заканадаўства не адпавядае міжнародным стандартам. У сваю чаргу міжнародныя эксперты MONEYVAL далі станоўчую ацэнку ватыканскай фінансавай сістэмы ў ліпені 2012 г. Ватыкан выканаў тады 9 з 16 ключавых крытэрыяў, што выключыла магчымасць з боку якой-небудзь з міжнароднай арганізацый увядзення абмежаванняў на фінансавыя аперацыі. Таму ватыканскія і міжнародныя эксперты расцанілі рашэнне Банка Італіі як незразумелае. Дырэктар Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду Рэнэ Брульхарт заявіў, што ў Ватыкана «няма праблем, наадварот, існуе цеснае супрацоўніцтва з іншымі еўрапейскімі краінамі».

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by