Сутану для Папы пашыла ўкраінка | Друк |
Дзяржава Ватыкан
13.03.2013 14:10

З XVIII ст. італьянскае сямейства Гамарэлі апранае Рымскіх Пап і вышэйшых духоўных асоб. Яшчэ ў першыя дні сакавіка з’явілася інфармацыя пра тое, што атэлье «Gammarelli tailor» пашыла камплекты адзення для новага Пантыфіка. Цікава, што адной з супрацоўніц гэтай майстэрні з’яўляецца ўкраінка па паходжанні.

Галіна Баршчоўска амаль дзесяць гадоў працуе ў гэтым атэлье. Як паведамляе catherine.spb.ru, жанчына скончыла Львоўскі тэхнікум лёгкай прамысловасці і працавала інжынерам на мясцовай швейнай фабрыцы, а пасля заканчэння педінстытута ў Цярнопалі выкладала дамаводства ў школе.

Пасля пераехала ў Італію з дзвюма дочкамі, але доўга не магла знайсці працу, аж пакуль знаёмыя не ўладкавалі яе сядзелкай да 90-гадовага адмірала. Той у хуткім часе папрасіў свайго сябра Ларэнца Гамарэлі ўладкаваць да сябе на працу Галіну. Так яна трапіла ў майстэрню ў цэнтры Рыма.

Галіна шыла адзенне для Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI. Цяпер вось і для новага Пантыфіка, імя якога яшчэ невядома.

Новаабраны Папа апране адну з трох сутан, якая яму найбольш падыдзе і якую адразу падгоняць па памеры. Пасля Пантыфіку пашыюць новыя камплекты адзення.

(SZh)


 
© 2003-2024 Catholic.by