Ян, Пій, Францішак: з гісторыі імёнаў Наступнікаў св. Пятра | Друк |
Дзяржава Ватыкан
15.03.2013 15:12

У перыяд паміж тым, як з трубы, усталяванай на Сікстынскай капэле, пойдзе белы дым (сведчыць аб абранні новага Папы) і да моманту пакуль з’явіцца перад народам новы Пантыфік, Папа абірае сабе новае імя. Так кардынал Хорхе Берголіа стаў папам Францішкам.

Па традыцыі, новае імя адрозніваецца ад таго, што кардынал атрымаў пры хросце. Руская служба Ватыканскага радыё адзначае, што дадзеная традыцыя звязана з першым Папам — святым Пятром — чыё імя ад нараджэння было Сымон. Такім чынам, выбар новага імя сімвалізуе, што абранне главой Апостальскай Сталіцы з’яўляецца нібы другім нараджэннем. У прыватнасці, у першыя стагоддзі Касцёла многія Папы на пачатку Пантыфікатаў вырашалі адмовіцца ад сваіх язычніцкіх імёнаў на карысць хрысціянскіх.

Аднак не ўсе Папы прытрымліваліся гэтай традыцыі: з 266 Пап толькі 129 выбалі сабе новае імя. Гэты звычай стаў практыкавацца з 955 года пры папе Яне XII і працягваецца па сённяшні дзень (за выключэннем папы Адрыяна VI (1522–1523 гг.) і Марцэла ІІ (1555 г.)).

Цікава, што для некаторых Пап новае імя было трэцім у іх жыцці. Такое здаралася, калі яны належалі да манаскіх таварыстваў. Так было, напрыклад, з Рыгорам XVI (1831–1846 гг.), які пры хросце атрымаў імя Барталамей, а пасля ўступлення ў ордэн камальдулаў стаў Маўрам.

Першым Папам, які ў 1978 г. узяў падвойнае імя, стаў Альбіна Лучыяні — Ян Павел І, каб падкрэсліць пераемнасць з двума папярэднімі Пантыфікамі.

У гісторыі Папства часцей выкарыстоўвалася імя Ян, упершыню прынятае святым Папам мучанікам Янам І. Сярод частых імён таксама Рыгор і Бэнэдыкт. Неаднаразова выкарыстоўваліся імёны Клімент, Інакенцій, Леў і Пій.

Праўда, пакуль што ў спісе імён Рымскіх Пап не сустракаюцца такія біблейскія імёны, як Юзаф, Якаў, Андрэй, Лука. Ніхто таксама не браў імя Пётр.

(SZh)

 
© 2003-2024 Catholic.by