Апостальская Сталіца працягвае дзейнасць па прадухіленні адмывання грошай | Друк |
Дзяржава Ватыкан
11.04.2013 12:17

Апостальская Сталіца працягвае дыялог з Камітэтам Савета Еўропы па барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму «Moneyval». 9 красавіка было вырашана, што наступную справаздачу аб кроках, зробленых Святым Пасадам у гэтай сферы, камітэт прадставіць у снежні 2013 г.

Акрамя таго, паведамляе Ватыканскае радыё, «Moneyval» прыняў прапанову Апостальскай Сталіцы, каб наступная справаздача ўключала ў сябе не толькі «бягучыя рэкамендацыі», але і «ключавыя». Дзякуючы гэтаму Святы Пасад хоча прадставіць поўную панараму мераў, зробленых на працягу апошняга года, з мэтай умацавання сваёй дзейнасці ў сферы прадухілення адмывання грошай і фінансавання тэрарызму.

Мінулую справаздачу аб сітуацыі ў ватыканскіх фінансавых структурах «Moneyval» прадставіў у ліпені 2012 г.

Паводле звычайных працэдур кожная краіна абавязана прадставіць у гэтую арганізацыю справаздачу, якая абмяжоўваецца толькі «бягучымі рэкамендацыямі». У гэтым кантэксце жаданне Апостальскай Сталіцы прадставіць справаздачу з «ключавымі рэкамендацыямі» пацвярджае яе намер працягваць канструктыўны дыялог з «Moneyval» і ўмацоўваць сістэму барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by