20 новых кардыналаў прынялі з рук Папы знакі сваёй годнасці | Друк |
Дзяржава Ватыкан
14.02.2015 14:38

14 лютага 20 новых кардыналаў прынялі з рук Папы Францішка ў базыліцы св. Пятра знакі сваёй годнасці. Дапаўненнем цырымоніі стане ўрачыстая святая Імша, якую Пантыфік узначаліць у базыліцы 15 лютага ў падзяку Богу за дар новых кардыналаў для Касцёла.

Абрад узвядзення кардыналаў быў ледзь не з пачатку існавання Калегіі кардыналаў святочным, хоць і змяняўся на працягу стагоддзяў. Самыя вялікія змены ў яго былі ўнесены ў 1969 г., пасля Другога Ватыканскага Сабору: Павел VI спрабаваў надаць цырымоніі больш сціплы і просты характар. Далейшыя змены былі ўнесены Янам Паўлам II і Бэнэдыктам XVI, які пажадаў вывесці абрад узвядзення кардыналаў па-за літургію і надаць больш увагі элементам малітвы і духоўнага разважання.

Сёлетні кансісторый складаўся з дзвюх частак: першая была прысвечана ўзвядзенню новых кардыналаў, а другая, карацейшая, датычыла кананізацыі трох благаслаўлёных – французскай законніцы Жаны Эміліі дэ Вільнёў і дзвюх палестынак: Марыі ад Езуса Укрыжаванага і Марыі Альфонсы Даніл Гатас. Таму на пачатку прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынал Анджэло Амата ўрачыста папрасіў Святога Айца разгледзець пытанне аб кананізацыі трох благаслаўлёных жанчын і прызначыць дату іх кананізацыі.

Пурпурны колер кардынальскага адзення сімвалізуе жыццё, цалкам прысвечанае служэнню Касцёлу, да праліцця крыві, калі гэта будзе неабходна. У ХХ стагоддзі тры кардыналы страцілі жыццё, служачы Касцёлу: арцыбіскуп Сарагосы Хуан Сальдэвілья-і-Рамэра, які 4 чэрвеня 1923 г. стаў ахвярай хваляванняў на сацыяльнай глебе; кардынал Эміль Біяенда, які загінуў 23 сакавіка 1977 г. у Конга ў выніку мясцовых племянных канфліктаў; кардынала Хуана Хесуса Пасадаса Окампа з Гвадалахары застрэлілі 24 мая 1993 г. у аэрапорце Мехіка члены наркамафіі, дзейнасць якой ён рашуча асуджаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by