Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гендэрызм і фемінізм былі сярод тэм, узнятых на Сінодзе ў «малых групах»
Дзяржава Ватыкан
08.10.2015 16:12

Гендэрызм, фемінізм, паслабленне сувязяў былі сярод тэм, якія абмяркоўвалі ўдзельнікі Сінода Біскупаў на тэму сям’і 7 кастрычніка падчас сустрэч у фармаце «малых груп». Падставай для разважанняў і дыскусій стала першая частка працоўнага дакумента асамблеі «Instrumentum Laboris», дзе гаворыцца пра цяжкасці, якія перажываюць сучасныя сем’і.

Было адзначана, што тут нельга ўлічваць толькі сацыялагічны аспект і ігнараваць эклезіяльны кантэкст сям’і, у якой самым важным элементам з’яўляецца вера.

Гаворка ішла пра цяжкасці культурнага характару, у тым ліку фемінізм, які часта прэсінгуе сям’ю, сцвярджаючы, што сужэнства з’яўляецца формай ціску на жанчын, што мацярынства — гэта адна з форм насілля ў адносінах да жанчын, а выхаванне дзяцей пазбаўляе жанчын магчымасці рэалізаваць свае амбіцыі.

Была закранута таксама праблема гендэрызму. Удзельнікі адзначылі, што гэтая ідэалогія імкнецца знішчыць сужэнства і сям’ю шляхам садзейнічання ліквідацыі гендарных адрозненняў. У прыватнасці, яна накіравана на дзяцей, у большасці выпадкаў без згоды бацькоў, і мае на мэце змяніць канцэпцыю сексуальнасці. Да гэтага варта дадаць сексуалізацыю маладых людзей, вынікам якой з’яўляецца стаўленне да сексу ў адрыве ад сексуальнасці. Было адзначана, што гендарная ідэалогія ўсё больш адлюстравана ў навучальных праграмах і заканадаўстве. Усе ўдзельнікі выказалі перакананасць у неабходнасці выразнага сігналу з боку Сінода аб пагрозе гендэрызму для сям’і.

Сінадальныя Айцы, асабліва з краін на шляху развіцця, звярнулі ўвагу на эканамічныя пытанні, якія ўплываюць на сужэнства і сям’ю. Было адзначана, што ёсць вобласці беднасці, якія перашкаджаюць функцыянаванню сям’і. Не засталося без увагі і драматычнае становішча сем’яў у раёнах, пацярпелых ад узброеных канфліктаў ці войнаў.

У ходзе дыскусій часта гучала меркаванне, што, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, Касцёл павінен абвяшчаць натуральнае сужэнства паміж мужчынам і жанчынай, якое не залежыць ад нацыянальных або нават рэлігійных абумоўленасцяў і адносіцца да кожнага чалавека. Пра гэта, як было адзначана, гаворыцца ў Старым і Новым Запаветах, і гэта з’яўляецца фундаментальнай культурнай спадчынай усяго чалавецтва.

У адной з груп гаворка ішла пра эканамічнае становішча сем’яў і вельмі нераўнамернае размеркаванне матэрыяльных рэсурсаў у кожнай краіне. Наступствам такой сітуацыі з’яўляецца міграцыя, калі адзін з сужэнцаў адпраўляецца на заробкі, у выніку чаго часта распадаецца сям’я. Акрамя таго, як было адзначана, эканамічныя цяжкасці змушаюць дзяцей да цяжкай працы.

У ходзе абмеркаванняў была звернута ўвага на паслабленне ўнутраных сямейных адносін, якое адлюстроўваецца ў фізічнай або духоўнай адсутнасці мужоў і бацькоў у сямейным асяроддзі. Яны не выконваюць сваіх бацькоўскіх функцый у адносінах да дзяцей. Часта гаворыцца аб правах жанчын і дзяцей і практычна не згадваюцца правы бацькаў і іх месца ў сямейным жыцці, адзначылі Сінадальныя Айцы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.