Апостальская Сталіца: Касцёл гатовы дзяліцца досведам у абароне непаўналетніх | Друк |
Дзяржава Ватыкан
05.03.2016 20:14

Апытанне кардынала Джорджа Пэла Каралеўскай камісіяй па расследванні сексуальных злоўжыванняў адносна непаўналетніх, а таксама адзнака прэміяй «Оскар» за лепшы фільм стужкі «У цэнтры ўвагі» аб журналісцкім расследванні выпадкаў схавання шматлікіх злачынстваў святароў-педафілаў у Бостане, асабліва ў 1960-1980 гг., суправаджаюцца новай хваляй увагі з боку СМІ і грамадскай думкі да драматычнага пытання сексуальных злоўжыванняў адносна непаўналетніх, асабліва з боку членаў духавенства.

У сувязі з гэтым кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі выступіў з заявай, у якой адзначыў, што «прадстаўленне гэтых двух выпадкаў як сенсацыі робіць так, што вялікая частка публікі – асабліва найменш інфармаваная і якая мае кароткую памяць – думае, што ў Касцёле нічога ці вельмі мала робіцца, каб адказаць на жудасныя драмы». «Аб’ектыўны аналіз паказвае, што гэта не так», - заўважыў святар.

Айцец Ламбардзі нагадаў, што арцыбіскуп Бостанскі падаў у адстаўку ў 2002 г., пасля падзей, пра якія апавядае фільм «У цэнтры ўвагі», і пасля знакамітага пасяджэння амерыканскіх кардыналаў, якое было склікана ў Рыме Янам Паўлам ІІ. З 2003 г. арцыбіскупам Бостанскім з’яўляецца кардынал Шон О’Мэлі, паўсюдна вядомы сваёй строгасцю і мудрасцю ў адносінах да пытанняў сексуальных злоўжыванняў, за што быў прызначаны Папам Францішкам з ліку яго дарадчыкаў на пасаду старшыні ватыканскай камісіі, створанай для абароны непаўналетніх.

Таксама і трагічныя падзеі ў Аўстраліі з’яўляюцца аб’ектам юрыдычных і кананічных расследванняў і працэсаў на працягу многіх гадоў. Папа Бэнэдыкт XVI падчас свайго візіту у Сіднэй у 2008 г. сустракаўся з маленькай групай ахвяр у сядзібе архідыяцэзіі, якую ў той час узначальваў кардынал Пэл. Гэта сведчыць, што падзеі ўжо тады былі вельмі актуальнымі, і арцыбіскуп палічыў неабходнай падобную сустрэчу.

Айцец Фэдэрыко Ламбардзі нагадаў, што на афіцыйным ватыканскім сайце ёсць раздзел, прысвечаны сексуальным злоўжыванням з боку духавенства і адказу Касцёла на гэту праблему, у якім утрымліваецца каля 60 дакументаў і іншых тэкстаў.

Прадстаўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы заўважыў, што дзеля барацьбы з падобнымі злачынствамі ў Касцёле былі абноўлены кананічныя працэдуры і нормы; сфармуляваны інструкцыі, мэтай якіх з’яўляецца, між іншым, прафілактыка злоўжыванняў; былі здзейснены Апостальскія візіты, каб умяшацца ў найбольш цяжкія сітуацыі; праведзена глыбокая рэформа манаскай супольнасці «Легіянеры Хрыста», заснавальнік якой паводзіў сябе амаральна ў гэтым пытанні.

Айцец Ламбардзі нагадаў пра ліст Бэнэдыкта XVI да ірландскіх католікаў – дакумент, які дапамагае зразумець пазіцыю Папаў і Касцёла перад драмай сексуальных злачынстваў. Яна заключаецца ў прызнанні цяжкіх памылак і просьбе аб прабачэнні, прыярытэтнай увазе і справядлівасці ў адносінах да ахвяраў, навяртанні і ачышчэнні, адказнасці за прадухіленне падобных з’яваў і абноўленым чалавечым і духоўным выхаванні.

У многіх краінах вынікі абнаўлення з’яўляюцца суцяшаючымі. Выпадкі злоўжыванняў сталі крайне рэдкімі, і большасць з тых, пра якія працягваецца гаворка сёння, тычацца здарэнняў, якія адбыліся дзясяткі гадоў таму. «У іншых краінах, звычайна па прычыне вельмі адрозных культурных сітуацый, і яшчэ пазначаных маўчаннем, яшчэ трэба шмат зрабіць і хапае супраціву і цяжкасцяў, але шлях, якім трэба прайсці, стаў больш ясны», - сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

Між іншым а. Ламбардзі заўважыў, што ва ўсім свеце пераважная колькасць сексуальных злоўжыванняў адносна непаўналетніх здзяйсняецца не ў касцёльных асяродках, але па-за імі. Святар прывёў у прыклад Азію, дзе ахвярамі становяцца дзясяткі мільёнаў дзяцей і падлеткаў, але, канешне, не ў каталіцкіх структурах.

«Касцёл, паранены і прыніжаны ранай злоўжыванняў, жадае рэагаваць не толькі дзеля ўласнага аздараўлення, але таксама каб падзяліцца сваім цяжкім досведам у гэтай сферы, каб узбагаціць сваё выхаваўчае і душпастырскае служэнне з усім грамадствам, якое яшчэ мае перад сабой доўгі шлях да ўсведамлення праблем і адказу на іх», - дадаў святар.

На заканчэнне заявы а. Ламбардзі падкрэсліў, што калі заклікі, прысутныя ў фільме «У цэнтры ўвагі», і мабілізацыя ахвяр злоўжыванняў паспрыяюць барацьбе супраць падобных злачынстваў у Каталіцкім Касцёле і сучасным свеце (дзе памер гэтых драм не мае межаў), яны будуць вітацца.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by