Суддзі прыедуць у Ватыкан, каб абмеркаваць праблему рабства | Друк |
Дзяржава Ватыкан
02.06.2016 14:47

Стратэгіі барацьбы з гандлем людзьмі і сучасным рабствам хочуць абмеркаваць суддзі на міжнароднай сустрэчы ў Ватыкане. 3-4 чэрвеня ў Папскай акадэміі сацыяльных навук пройдзе форум, тэмай якога стане пошук найбольш эфектыўных сродкаў і метадаў барацьбы з гэтымі з’явамі.

Менавіта суддзі ў наш час адчуваюць на сабе разнастайныя формы ціску з боку ўладаў, прыватных устаноў і, вядома, арганізаванай злачыннасці, гаворыцца ў спецыяльнай заяве. На іх ляжыць незаменная місія адказу на выклікі «глабалізацыі абыякавасці».

Сучасныя грамадствы, якія стаяць перад праблемай карумпаванасці правасуддзя, маюць патрэбу ў новым звароце да справядлівасці. І суддзі, паводле арганізатараў ватыканскай сустрэчы, закліканы ў поўнай меры ўсведамляць гэтую праблему, дзяліцца сваім вопытам і працаваць разам для адкрыцця новых шляхоў справядлівасці, абароны чалавечай годнасці, свабоды, адказнасці, шчасця і міру.

Новыя формы рабства, калі чалавечыя істоты валодаюць іншымі чалавечымі істотамі як уласнай маёмасцю, гаворыцца ў прэс-рэлізе арганізатараў, нараджаюцца з прэзумпцыі асобных людзей або груп, якія падпарадкоўваюць сабе закон.

Паводле апублікаванага на гэтым тыдні ў Брусэлі дакладу «Global Slavery Index 2016» у цяперашні час у рабстве жывуць 45,8 млн. мужчын, жанчын і дзяцей. Гаворка ідзе, між іншым, пра прымусовую дзіцячую працу, прымус да прастытуцыі, вярбоўку дзяцей-салдатаў, а таксама эканамічную эксплуатацыю.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, (IL)

 
© 2003-2024 Catholic.by