Ватыканскі дыпламат аб рэформе Еўрапейскага Саюза | Друк |
Дзяржава Ватыкан
04.07.2016 13:06

Шок, які выклікала выйсце Вялікабрытаніі з Еўрапейскага Саюза, павінен прывесці да рэформы яго структур і дакладнага вызначэння мэты, лічыць сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

У інтэрв'ю для прэсавага агенцтва «AFP» іерарх закрануў таксама праблему функцыянавання ААН і пытанне карупцыі ў Афрыцы.

Кажучы аб адносінах Святога Пасаду і Папы да рэферэндуму у Вялікабрытаніі, кіраўнік ватыканскай дыпламатыі адказаў, што Апостальская Сталіца цалкам паважае рашэнне насельніцтва гэтай краіны. Арцыбіскуп, аднак, нагадаў, што з самага пачатку Ватыкан падтрымілівае агульны еўрапейскі праект.

«Мы спадзяемся, што агульныя мэты еўрапейскага праекту могуць быць абаронены, захаваны і нават узмоцнены. Папа Францішак лічыць, што Еўропа мае патрэбу ў радыкальнай рэформе, а таксама ў пацвярджэнні яе традыцыйных каштоўнасцяў і мэтаў. Гаворка ідзе таксама аб заахвочванні еўрапейскіх лідараў, каб больш уважна слухалі адзін аднаго, каб боязі іх народаў у большай ступені знаходзілі сваё адлюстраванне ў рашэннях на агульным узроўні», — сказаў іерарх.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы нагадаў, што Святы Айцец хоча, каб дыпламатыя ў цэнтр сваіх намаганняў заўсёды ставіла чалавека, намагаючыся дайсці да простых людзей. Папа імкнецца заахвоціць да добрых ініцыятыў, якія дапамогуць людзям дасягнуць рэальнага прагрэсу, не толькі матэрыяльнага, але і духоўнага, дадаў арцыбіскуп.

Сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі падкрэсліў, што Апостальская Сталіца хоча, каб афрыканскімі краінамі кіравалі добрыя ўрады. Іерарх заўважыў, што карупцыя часта мае сувязь з дзейнасцю знешніх фактараў. «Там, дзе існуе большая вернасць канстытуцыйным прынцыпам, будучыня ўяўляецца больш перспектыўнай. Гэта не абавязкова азначае большы дабрабыт, але дае патэнцыял для стварэння здаровага грамадства», — сказаў арцыбіскуп Галахер.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 
© 2003-2024 Catholic.by