Другі альбом хору Сікстынскай капэлы прысвечаны тэме міласэрнасці | Друк |
Дзяржава Ватыкан
07.10.2016 15:09

7 кастрычніка ў Зале Друку Святога Пасаду адбылася прэзентацыя кампакт-дыска з творам «Missa Papæ Marcelli» італьянскага кампазітара эпохі Рэнесанса Джавані П’ерлуіджы Палестрына ў выкананні хору Папскай музычнай Сікстынскай капэлы.

Рашэнне выпусціць дыск са знакамітай «Месай Папы Марчэла» невыпадковае, адзначыў Прэфект Папскага дома арцыбіскуп Георг Генсвайн.

Гэта спосаб у музычнай форме падкрэсліць Надзвычайны Год Міласэрнасці, які мы перажываем дзякуючы пажаданню Папы Францішка, бо менавіта міласэрнасць з’яўляецца галоўнай тэмай кампазіцыі, патлумачыў іерарх падчас прэзентацыі.
Кампакт-дыск «Missa Papæ Marcelli» выйшаў пад лэйблам «Deutsche Grammaphon». Менавіта гэтая гуказапісваючая кампанія раней пабудавала спецыяльную студыю для запісу ў Сікстынскай капэле.


Першы альбом — зборнік грыгарыянскага спеву «Cantate Domini» — быў запісаны тут у 2015 г.

Шасцігалосная «Меса Папы Марчэла» была напісана ў другой палове XVІ ст. Джавані Палестрына цалкам прысвяціў яе тагачаснаму Пантыфіку — Папу Марцэлу II — і гэтым творам даказаў магчымасць існавання шматгалоснай літургічнай музыкі, насуперак меркаванням, нібы паліфанічнасць скажае выразнае вымаўленне слоў тэксту.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (IL)

 
© 2003-2024 Catholic.by