Новыя манеты з тэматычнымі малюнкамі выпусцяць у Ватыкане | Друк |
Дзяржава Ватыкан
10.10.2016 12:06

Памятныя манеты, прысвечаныя Юбілейнаму Году Міласэрнасці, Сусветным дням моладзі ў Кракаве, Сусветнаму дню міру і Папскаму санктуарыю Святога Дома ў Ларэта, пабачаць свет 13 кастрычніка ў Ватыкане.

Манета з нагоды Юбілею Міласэрнасці была адчаканена наміналам у 2 еўра.

На ёй змешчана іканаграфічная выява св. Марціна Турскага. Святы прадстаўлены на кані ў той момант, калі здымае з сябе плашч і аддае яго замерзламу бедняку. Гэты сюжэт нагадвае аб учынках міласэрнасці і словах Езуса Хрыста: «Быў голы, і вы апранулі Мяне» (Мц 25, 36). Аўтарам выявы з’яўляецца італьянская мастачка і скульптар Марыянджэла Крышоці, якая ўжо на працягу некалькіх гадоў супрацоўнічае з Ватыканам.

Яна таксама распрацавала выяву для новай ватыканскай сярэбранай манеты, прысвечанай ХХХІ Сусветным дням моладзі, якія прайшлі 26-31 ліпеня 2016 г. у Кракаве на тэму: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць» (Мц 5, 7). Манета была адчаканена наміналам у 10 еўра. На яе аверсным баку змешчана выява моладзі, якая трымае ў руках драўляны крыж — сімвал форуму. На рэверсным баку — герб Святога Айца.

Іншая нумізматычная ватыканская навінка — сярэбраная памятная манета наміналам у 5 еўра, прысвечаная Сусветнаму дню міру. На яе аверсным баку змешчаны партрэт Папы Францішка, а на рэверсным — выява анёла, які мячом разрубае церні, праз якія прарастаюць аліўкавыя галінкі.

Нумізматычнае бюро падрыхтавала таксама дзве залатыя манеты наміналам у 20 і 50 еўра, прысвечаныя Папскаму санктуарыю Святога Дома ў Ларэта. На рэверсным баку 20-еўравай манеты італьянскай мастачкай Габрыэлай Цітота была змешчана выява фігуры Маці Божай, якая знаходзіцца ў алтарнай нішы Святога Дома ў Ларэта.

У сваю чаргу на рэверсе манеты ў 50 еўра знаходзіцца выява базылікі Святога Дома, выкананая мастачкай Крысцінай Дэ Джорджы. На аверсным баку гэтых манет змешчаны партрэт Пантыфіка.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (IL)

 
© 2003-2024 Catholic.by