Кардынал Паралін усхваліў Парыжскую дамову па барацьбе з наступствамі кліматычных змен | Друк |
Дзяржава Ватыкан
17.11.2016 09:35

Плённая барацьба з негатыўнымі наступствамі кліматычных змен патрабуе супрацоўніцтва ўсіх дзяржаў, а таксама змены стылю жыцця — трэба проста жыць больш сціпла. Гэтыя словы Пантыфіка прывёў падчас выступлення на 22-й сесіі Канферэнцыі дзяржаў-удзельніц Канвенцыі ААН аб змяненні клімату кардынал П'етро Паралін.

Канферэнцыя праходзіць у Маракешы і завершыцца 18 лістапада.

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы Францішка, які ўзначальвае ватыканскую дэлегацыю на сустрэчы, звярнуў увагу на тое, што роля Касцёла заключаецца не столькі ў вырашэнні тэхнічных пытанняў, колькі ў павышэнні чуйнасці да самой праблематыкі і ў акрэсленні яе маральнага вымярэння. Па словах іерарха, з гэтага пункту бачання важным унёскам з’яўляецца экалагічная энцыкліка Папы Францішка «Laudato si'», прысвечаная ахове навакольнага асяроддзя.

«Парыжская дамова вельмі важная. Яна паказвае, што міжнародная супольнасць усвядоміла ўсю праблему і хоча рэагаваць. Адсюль і значэнне дадзенай, першай пасля Парыжа, канферэнцыі ў Маракешы, на якой гаворка вядзецца канкрэтна пра рэалізацыю гэтай дамовы», — сказаў ватыканскі іерарх.

Дамова прадугледжвае сумесныя намаганні 196 краін для таго, каб стрымліваць рост глабальнай тэмпературы ў межах двух градусаў Цельсія і, па магчымасці, у межах паўтара градуса. Вучоныя лічаць, што гэта дазволіць пазбегнуць найбольш небяспечных наступстваў у змене клімата.

КАІ, (VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by