У Ватыкане абмеркавалі падрыхтоўчы дакумент будучага Сінода | Друк |
Дзяржава Ватыкан
28.11.2016 08:53

21-22 лістапада ў Ватыкане прайшло другое пасяджэнне XIV Звычайнай рады Генеральнага сакратарыяту Сінода Біскупаў, якое ўзначаліў Папа Францішак.

Быў разгледжаны Падрыхтоўчы дакумент XV Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў на тэму: «Моладзь, вера і распазнанне паклікання». Яна пройдзе ў кастрычніку 2018 г.

Члены Рады высока ацанілі праект дакументу і ўнеслі свае прапановы. Ён утрымлівае ў сабе анкету і адрасаваны Канферэнцыям Біскупаў, Сінодам Усходніх Каталіцкіх Цэркваў sui iuris і іншым касцёльным інстытутам.

Над анкетай працавалі ў малых групах, падзеленых па кантынентальным прынцыпе. Прапановы груп былі сабраны і ўключаны ў базавы дакумент, які быў адзінагалосна зацверджаны.

Члены Звычайнай рады Сінода абмяняліся думкамі адносна перагляду Ordo Synodi Episcoporum — парадку правядзення Сінода.

Прыняць удзел у пасяджэнні былі запрошаны кіраўнікі трох дыкастэрый Рымскай курыі, з улікам іх кампетэнцыі ў пытаннях, якім будзе прысвечаны будучы Сінод: кардынал Жуан Брас дзі Авіс, прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, кардынал Бэньяміно Стэла, прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства, і кардынал Кевін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 
© 2003-2024 Catholic.by