Ружанцовая малітва «з Афрыкай і ў інтэнцыі Афрыкі» | Друк |
Святы Айцец
12.10.2009 12:20
Ружанец «з Афрыкай і ў інтэнцыі Афрыкі» ўзначаліў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI увечары 10 кастрычніка 2009 г. У малітоўнай сустрэчы, прымеркаванай да ІІ сходу Сіноду Біскупаў для Афрыкі, удзельнічалі члены Сіноду. Далучыцца да малітвы праз тэлебачанн мела магчымасць моладзь з васьмі сталіц кантынента: Каіра (Егіпет), Наіробі (Кенія), Хартума (Судан), Ёханэсбурга (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка), Анічы (Нігерыя), Кіншасы (Дэмакратычная Рэспубліка Конга), Мапуту (Мазамбік) і Уагадугу (Буркіна Фасо). Пасля прамовы Пантыфік падараваў некаторым студэнтам экземпляры сваёй новай энцыклікі «Caritas in veritate» («Любоў у праўдзе»).

 

«Факт супольнай сустрэчы разам з Наступнікам Пятра і шматлікімі пастырамі Касцёла ў Афрыцы з’яўляецца нагодай для радасці і надзеі, выяўленнем адзінства. Ужо айцы Касцёла параўноўвалі хрысціянскую супольнасць з аркестрам альбо хорам, зладжаным і дружным, якім сёння з’яўляюцца тыя, хто суправаджаў нашую малітву і каму за гэта шчыра дзякуем», — адзначыў Бэнэдыкт XVI.
Кажучы пра ружанцовую малітву, Святы Айцец падкрэсліў, што яна стала нагодай для таго, каб «яшчэ раз убачыць сапраўднае аблічча Бога, які ў Езусе Хрысце аб’яўляе нам сваю прысутнасць у жыцці кожнага народа».

Пантыфік дадаў таксама, што ў ружанцовай малітве ІІ сход Сіноду Біскупаў для Афрыкі прысвяціў сябе мацярынскаму заступніцтву Дзевы Марыі. «Складаем у Яе рукі надзеі, спадзяванні, планы афрыканскіх народаў, а таксама іх цярпенні і цяжкасці», — адзначыў Пантыфік, пасля чаго ўдзяліў усім прысутным апостальскае благаслаўленне.

 
© 2003-2024 Catholic.by