Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец раздзяліў калядны абед з найбольш беднымі жыхарамі Рыма
Святы Айцец
28.12.2009 13:50

У нядзелю 27 снежня 2009 г. падчас абеду ў рымскай сталоўцы, наладжанай дзякуючы працы дабрачыннай Супольнасці св. Ідзія, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з самымі беднымі жыхарамі Рыма, якія з’яўляюцца часткай вялікай сям’і Касцёла і атрымліваюць дапамогу ад гэтай дабрачыннай каталіцкай арганізацыі. Падчас абеду, які па традыцыі арганізоўваецца для рымскіх жабракоў у калядны перыяд, Пантыфік павіншаваў са святамі Божага Нараджэння больш за 200 сваіх субяседнікаў.

У ходзе сустрэчы Папа нагадаў, што толькі любоў можа даць чалавеку сапраўдную радасць, таму што шчасце заключаецца ў тым, каб даваць, а не браць. Таксама Святы Айцец заахвоціў да таго, каб быць для патрабуючых знакам надзеі і сведкамі новага свету, асабліва сёння, калі ўсё большая колькасць людзей становяцца ахвярамі эканамічнага крызісу. Па словах Бэнэдыкта XVI, чалавечы эгаізм найбольш балюча раніць тых, хто знаходзіцца ў патрэбе.

Папа падзякаваў Супольнасці св. Ідзія за культурную і моўную асвету, якую супольнасць здзяйсняе сярод бедных. Разам з тым Пантыфік заклікаў сваіх субяседнікаў да пабудовы свету, у якім ніхто не будзе самотным, адрынутым або выціснутым з жыцця. Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец уручыў святочныя падарункі групе дзяцей з Афрыкі і Азіі.

Супольнасць св. Ідзія, якая дзейнічае ў Рыме, займаецца вяртаннем найбольш бедным групам людзей іх грамадскіх правоў. Нягледзячы на тое, што ў многіх мясцовасцях афіцыйна не існуе праблем жабракоў, толькі ў Рыме налічваецца больш за тысячу бяздомных. Дзякуючы працы каталіцкай дабрачыннай арганізацыі, магчымасць наладжвання свайго жыцця і побыту разам з атрыманнем неабходных дакументаў маюць таксама эмігранты.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.