Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI заклікаў святароў да ажыўлення сакрамэнту пакаяння
Святы Айцец
11.03.2010 18:04

Адважна выхоўваць у верніках здольнасць рабіць бескампрамісны жыццёвы выбар, нястомна пазнаваць дасягненні ў галіне маральнай тэалогіі і ажыўляць сакрамэнт пакаяння заклікаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI святароў усяго свету. 11 сакавіка 2010 г. Папа ўдзяліў аўдыенцыю ўдзельнікам унутранага форуму, арганізаванага Апостальскай Пэнітэнцыярыяй.

Падчас сустрэчы Бэнэдыкт XVI адзначыў, што кожнаму святару важна жыць глыбокім разуменнем пакаяння. «Усведамленне ўласнай абмежаванасці і прыбягання да Божай міласэрнасці, каб прасіць аб прабачэнні, навярнуцца сэрцам і атрымаць апору на шляху да святасці, мае асноўнае значэнне ў жыцці святара», — сказаў Пантыфік, падкрэсліўшы, што толькі той, хто сам спазнаў Божую міласэрнасць, можа быць яе перакананым абвяшчальнікам. Святы Айцец падкрэсліў, што перад абліччам выклікаў, якія ставяць перад сучасным чалавекам геданістычнае і рэлятывісцкае мысленне, яшчэ больш клапатлівым павінна быць служэнне сведкі Божай міласэрнасці.

Папа ўзгадаў складаныя гістарычныя абставіны, у якіх дзейнічаў св. Ян Марыя Віянэй. Нягледзячы на цяжкасці, святы жыў духам малітвы, асабістым кантактам з Хрыстом, цэлебраваннем святой Імшы, адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і евангельскай беднасцю. Такі стыль жыцця, па словах Пантыфіка, схіляў вернікаў да таго, каб ісці да яго ў канфесіянал. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што святарам важна даць дасканалы адказ на сваё пакліканне, таму што толькі ў гэтым выпадку яны змогуць абудзіць у верніках пачуццё граху, надаць ім адвагі і выклікаць у іх сэрцах прагу Божага прабачэння.

Папа заахвоціў святароў як мага часцей прабываць у канфесіянале. «Крызіс сакрамэнту пакаяння, аб якім часта гаворыцца, становіцца выклікам у першую чаргу для святароў, іх вялікай адказнасці выхоўваць у Божым народзе здольнасць адказаць на радыкальныя вымаганні Евангелля», — дадаў Святы Айцец. Папа адзначыў, наколькі важна святару правільна накіроўваць Хрыстову аўчарню, каб яна не прыпадабнялася ментальнасці гэтага свету.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме