Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI да прадстаўнікоў Рады Еўропы: служыце супольнаму дабру
Святы Айцец
08.09.2010 16:57

Да будавання будучыні нашага кантынента вакол супольнасці каштоўнасцей заклікаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прадстаўнікоў Рады Еўропы, з якімі сустрэўся 8 верасня 2010 г. Падчас сустрэчы Папа згадаў аб 60-годдзі прыняцця Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека.

Пантыфік выказаў удзячнасць прадстаўнікам Рады Еўропы за высілкі на карысць абароны чалавечай годнасці, асабліва ў дачыненні асобаў з абмежаванымі магчымасцямі, ахвяраў насілля і новых формаў знявольвання, імігрантаў і бежанцаў, людзей, якія найбольш адчуваюць вынікі сённяшняга эканамічнага крызісу, а таксама за ўдзел Рады Еўропы ў справе абароны свабоды веравызнання. Святы Айцец падкрэсліў неабходнасць паўсюднага прызнання важнасці гэтых правоў, іх непарушальнасці, неадменнасці і непадзельнасці.

«У розных выпадках я ўказваю на пагрозы, звязаныя з рэлятывізмам у сферы каштоўнасцяў, правоў і абавязкаў, — адзначыў Папа. — Калі б ім не хапала аб’ектыўных, рацыянальных падстаў, агульных для усіх народаў, і яны абапіраліся б выключна на партыкулярныя культуры (…), як яны маглі б стварыць моцную і трывалую аснову для панаднародавых інстытутаў, такіх, як Рада Еўропы, і для вашай дзейнасці ў гэтым прэстыжным інстытуце?».

Пантыфік падкрэсліў, што правы і каштоўнасці ўкараняюцца ў натуральнай годнасці кожнай асобы, што з’яўляецца даступным для чалавечага разумення. «Хрысціянская вера не становіцца перашкодай, а спрыяе такому пошуку і робіцца запрашэннем да пошуку надпрыроднай асновы гэтай годнасці», — дадаў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI узгадаў аб важнасці абароны чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, сужэнства, якое разумеецца як выключны і непарыўны ўзаемны дар мужчыны і жанчыны, а таксама свабоды рэлігіі і адукацыі. «Гэта неабходныя ўмовы для таго, каб адэкватна адказаць на выклікі, якія гісторыя ставіць перад кожным з нас», — сцвердзіў Папа, пажадаўшы прадстаўнікам Рады Еўропы выконваць сваю місію «мудра і адважна, служачы супольнаму дабру Еўропы».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме