Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кніга-інтэрв’ю з Папам: вера і розум заахвочваюць да дыскусіі
Святы Айцец
18.11.2010 15:27

Кніга-інтэрв’ю «Святло свету. Папа, Касцёл, знакі часоў», якая ўяўляе сабой запіс размовы нямецкага журналіста і пісьменніка Пэтэра Сівалда з Бэнэдыктам XVI і будзе прэзентавана 23 лістапада 2010 г. у Прэс-службе Апостальскай Сталіцы, выйдзе на 8 мовах адразу. Размовы Папы з журналістам адбываліся ў ліпені гг. у Кастэль Гандольфа (прыгарад Рыма).

Па словах Пэтэра Сівалда, Папа бачыць, што сёння Касцёл перажывае крызіс. «Як, напэўна, ніхто іншы, Бэнэдыкт XVI прызнае занядбанні, памылкі і грахі Касцёла. Але кажа адначасова: калі паглядзець на ўсё, што ў Касцёле зрабілі людзі, што зрабіла духавенства, то ўсё гэта пацвярджае, што існуе яшчэ нехта большы, што гэта Хрыстус захоўвае Касцёл у цэласці. Калі б Касцёл залежаў толькі ад людзей, то даўно б распаўся. Святы Айцец прагне, каб пасля страшных выпадкаў сексуальных злачынстваў і іншых здзейсненых памылак Касцёл перажыў грунтоўнае самаачышчэнне», — дадае журналіст.

Вялікае месца ў кнізе Пантыфік прысвячае сітуацыі Касцёла ў крызісе, кажа аб рэформах і экуменізме. З клопатам выказваецца на тэму крызісу ўсяго грамадства, падкрэслівае, што чалавецтва стаіць на раздарожжы перад абліччам страты каштоўнасцяў і арыентацыі, нагадвае, што настаў час для навяртання, разважання і зменаў.

Размовы з Папам нямецкі пісьменнік акрэсліў як «вельмі ўзбагачаючыя». Пэтэр Сівалд выказаў вялікую радасць з прычыны магчымасці дыскусіі з «такім вялікім духоўным майстрам». Па словах журналіста, спосаб мыслення Бэнэдыкта XVI вызначаюць два паказчыкі: вера і розум, а гэта асабліва заахвочвае да дыскусіі.

Як паведамляе італьянскае выданне «Il Foglio», у кнізе Папа выказвае жаль з прычыны змяшчэння ў сваёй прамове ў Ратысбоне ад 12 верасня 2006 г. крытычнай заўвагі ў адносінах да ісламу. Па словах жа Сівалда, Пантыфік прызнае, што не прадбачыў, якую рэакцыю выкліча яго заўвага. Святы Айцец падкрэслівае, што трактаваў свой тэкст як «чыста навуковы» і ў пачатковы перыяд свайго Пантыфікату яшчэ недастаткова ўсведамляў, што прамовам Папы надаецца таксама палітычнае значэнне.

Аўтэнтычнасць жывой і асабістай размовы падкрэслівае і вокладка кнігі, на якой бачны подпіс Бэнэдыкта XVI. «Кніга ўяўляе сабой навінку ў гісторыі Касцёла», — сцвярджае яе выдавец з Германіі Мануэль Хердэр.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.