Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Святло свету. Папа, Касцёл, знакі часу»: Папа пра Касцёл, свет і сваё прыватнае жыццё
Святы Айцец
23.11.2010 15:47

23 лістапада 2010 г. у Апостальскай Сталіцы адбылася прэзентацыя кнігі-інтэрв’ю са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI «Святло свету. Папа, Касцёл, знакі часу». Кніга ўяўляе сабой запіс размовы з Пантыфікам нямецкага журналіста і пісьменніка Пэтэра Сівалда, па словах якога, яна з’яўляецца драматычным заклікам да Касцёла, свету і да кожнага чалавека: «Нельга далей паступаць так, як дагэтуль».

У кнізе Папа адказвае на пытанні, што датычаць Бога, Касцёла і свету. У размове няма табуіраваных тэмаў. Святы Айцец не ўхіляецца ад адказу на пытанні, што датычаць сексуальных злачынстваў святароў над непаўналетнімі, занядбанняў, памылак і грахоў Касцёла, крызісу веры і грамадства, сусветнага эканамічнага крызісу.

У кнізе выяўляецца асоба Бэнэдыкта XVI — «простага, сціплага працаўніка вінаградніка Пана», як адзначае Пэтэр Сівалд. «Я заўсёды ў руках Пана і мушу лічыцца таксама з рэчамі, якіх не жадаю», — кажа пра сябе Пантыфік і дадае: «Акрамя вялікіх, павінны быць і малыя Папы, якіх дае Бог».

Папа Ратцынгер не любіць параўноўваць сябе са сваім папярэднікам, які, дзякуючы сваёй паставе, голасу і жэстыкуляцыі, прыцягнуў да сябе многіх людзей і здабыў увагу сусветных мас-медыя. «Я проста кажу сабе: я ёсць тым, кім ёсць. Не спрабую быць іншым. Што магу даць іншым, тое даю, а чаго не магу — не спрабую даваць. Не спрабую зрабіць з сябе чагосьці, чым не з’яўляюся», — апавядае Папа.

Адзін з лейтматываў вучэння кардынала Ратцынгера — пытанне адносінаў паміж верай і розумам. Папа падкрэслівае, што сам Езус «зрабіў веру цалкам зразумелай», прадставіўшы яе як працяг Старога Запавету, як «веру ў Бога, які ёсць Стварыцелем і Панам гісторыі, аб якім гэтая гісторыя дае сведчанне і аб якім кажа справа стварэння». У сваю чаргу, «вялікай задачай Касцёла з’яўляецца спалучэнне веры і розуму, спалучэнне таго, што патрабуе пазнання з адначасовай рацыянальнай адказнасцю».

У размове Святы Айцец шмат увагі ўдзяляе яшчэ адной праблеме, якую закранае ў сваім навучанні, — «дыктатуры рэлятывізму». У раздзеле з адпаведнай назвай Папа кажа аб новай «свецкай рэлігіі», якая жадае, між іншым, зняцця крыжоў у публічных будынках. «Па сутнасці, мы маем справу з недахопам талерантнасці, гэта значыць з пазіцыяй, якая сцвярджае, што рэлігія, хрысціянская вера не павінна выяўляцца бачным чынам. Калі, напрыклад, у імя барацьбы з дыскрымінацыяй Каталіцкі Касцёл хочуць прымусіць змяніць сваю пазіцыю ў адносінах да гомасексуалізму або святарскага пасвячэння жанчын, гэта значыць, што ён не павінен далей жыць згодна са сваёй адметнасцю, і тады абстрактная рэлігія стане тыранічнай нормай», — адзначае Пантыфік.

Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што Касцёлу патрэбны «орган еднасці», і ім з’яўляецца папства, якое існуе не дыктатарскім чынам, а як «унутраная супольнасць веры». «Папа не мае такой улады, каб да чагосьці вымушаць. Яго „сіла“ засноўваецца на перакананні людзей, каб яны зразумелі — мы разам», — кажа Святы Айцец і дадае, што Папа мае задачу, якую сам сабе не ставіў. Адначасова Пантыфік перасцерагае перад тэндэнцыямі да будавання нацыянальных Касцёлаў. На думку Папы, менавіта сёння, у глабалізаваным грамадстве, існуе неабходнасць стварэння сусветнай супольнасці.

Пасля стрэсу, якім сталі выпадкі сексуальных злачынстваў духоўных асобаў, Бэнэдыкт XVI чакае ад Касцёла грунтоўнага ачышчэння. «Мы павінны засведчыць сапраўдную пакору. Іншая справа — тое, што Бог, нягледзячы на ўсё, не пакідае нас, нягледзячы на чалавечыя слабасці, ёсць з намі, абуджае ў нас святых і прысутны сярод іх», — кажа Папа. Кажучы аб зле ў Касцёле, Пантыфік падкрэслівае, што яно належыць да таямніц Касцёла. «Калі мы зірнем на тое, што зрабілі людзі ў Касцёле, то ўжо само гэта з’яўляецца доказам, што Бог трымае Касцёл і яго заснаваў. Калі б усё залежала ад людзей, Касцёл ужо даўно б упаў», — адзначае Святы Айцец.

У раздзеле, прысвечаным замежным падарожжам, Бэнэдыкт XVI закранае тэму пазбягання захворвання СНІДам, у тым ліку пытанне ўжывання прэзерватываў. Папа з болем кажа аб тым, што яго візіт у Афрыку быў публічна пастаўлены пад пытанне, чаму Касцёл у справе СНІДу займае нерэалістычнае і непаспяховае становішча. «Касцёл — гэта адзіны інстытут, які вельмі блізкі і вельмі канкрэтны ў адносінах да гэтых людзей», — кажа Папа. Таксама Пантыфік нагадвае пра распрацаваную свецкімі дзеячамі, якія працуюць у Афрыцы з хворымі на СНІД, так званай тэорыі АВС, дзе А — гэта ўстрыманне, В — вернасць і, нарэшце, С — прэзерватывы. Пры гэтым прэзерватывы трактуюцца як апошняе выйсце, «калі ўжо нельга прыбегчы да астатніх двух пунктаў». Папа падкрэслівае, што «сама фіксацыя ўвагі на прэзерватывах азначае баналізацыю сексуальнасці». Святы Айцец звяртае ўвагу на тое, што «многія людзі ўжо не бачаць у цялеснасці выяўленне сваёй любові, але толькі свайго роду наркотык». «Таму барацьба з баналізацыяй цялеснасці — гэта частка вялікага імкнення, каб сексуальнасць была пазітыўна ацэнена і аказвала свой карысны ўплыў на чалавечую істоту як цэласнасць», — адзначае Папа.

Пантыфік адказвае таксама на крытыку яго рашэння аб адмене экскамунікі ў адносінах чатырох біскупаў з Брацтва св. Пія Х. У сувязі з гэтым Папа нагадвае, што экскамуніка была накладзена на біскупаў, бо яны атрымалі пасвячэнне без згоды Папы, а не з той прычыны, што яны не згаджаліся з вучэннем Другога Ватыканскага Сабору. Бэнэдыкт XVI, як апавядае, адмяніў яе пасля таго, як атрымаў ад біскупаў запэўніванне, што яны прызнаюць папскі прымат, нават калі не ва ўсіх пунктах згаджаюцца з Папам.

Са зняццем экскамунікі звязаны і так званы «выпадак Вільямсана» — біскупа-лефэўрыста, які аспрэчвае Халакост. Бэнэдыкт XVI адзначае, што падчас зняцця экскамунікі з яго і астатніх трох біскупаў не ведаў аб тым, што Вільямсан адмаўляе Халакост. «Калі б ведаў, не зрабіў бы таго», — сцвярджае Папа.

Святы Айцец прызнаецца, што захаваў тую веру, якую меў у дзяцінстве. «Найпрасцейшае — праўдзівае, і праўдзівым з’яўляецца простае», — кажа Папа.

Адной з цяжкасцяў кіравання, паводле Бэнэдыкта XVI, з’яўляецца прыманне персанальных рашэнняў. «Ніхто не можа ўвайсці ў сэрца іншага чалавека, і кожны балюча ўспрымае расчараванні. Таму тут я асцярожны і прымаю рашэнне толькі пасля шматлікіх разнастайных кансультацый», — апавядае Пантыфік.

У кнізе Папа кажа, што адпачывае падчас пасілкаў у кампаніі сваіх найбліжэйшых супрацоўнікаў: двух сакратароў і чатырох жанчын з супольнасці «Memores Domini», якія вядуць хатнюю гаспадарку Папы. Таксама Пантыфік штодзень глядзіць навіны, часам фільмы на DVD, а асабліва любіць серыял «Don Camillo i Peppone». «Папская сям’я» разам святкуе касцёльныя ўрачыстасці і імяніны. Бэнэдыкт XVI не адчувае сябе адкінутым ад рэчаіснасці вязнем Ватыкана, хоць часам, як прызнаецца, жадаў бы наведаць сяброў або проста застацца дома.

Папа атрымлівае шмат прыватных лістоў ад простых людзей, якія пішуць яму: «Молімся за цябе, не бойся, мы любім цябе». Таксама Пантыфік асцерагаецца празмернай актыўнасці. «Не быць актыўным азначае роздум, асцярожнасць, глыбокае сузіранне, час на ўнутраныя развагі, сустрэчу з Богам і размовы з Ім», — дзеліцца Святы Айцец сваімі думкамі.

У апошнім раздзеле кнігі «Аб апошніх рэчах», кажучы аб таямніцы Кнігі Апакаліпсісу і новым прышэсці Хрыста, Папа сцвярджае: «Мы не можам ведаць, калі скончыцца свет. Сам Хрыстус кажа, што ніхто гэтага не ведае, нават Сын. Мусім, аднак, заўсёды чакаць Яго прышэсця, а найперш быць упэўненымі, што ў цярпеннях Ён найбольш блізкі нам. Адначасова мы павінны бачыць, што Ён ацэньвае нашы ўчынкі».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.