Бэнэдыкт XVI: задача каталіцкай прэсы — служыць праўдзе | Друк |
Святы Айцец
26.11.2010 17:07

«Задача інфармацыйных органаў Касцёла — адважнае служэнне праўдзе, каб дапамагчы грамадскаму меркаванню ва ўспрыманні і разуменні рэчаіснасці з евангельскага пункту гледжання», — падкрэсліў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з удзельнікамі Італьянскай федэрацыі каталіцкіх штотыднёвікаў. Да арганізацыі належаць 188 часопісаў з розных дыяцэзій Італіі.

Папа ўказаў на задачу каталіцкай прэсы абвяшчаць Добрую Навіну праз аповед аб канкрэтных фактах і сітуацыях, якія перажываюць хрысціянскія супольнасці.

«Падобна як малая колькасць дражджэй, змешаных з мукой, утварае цеста, так Касцёл, прысутны ў грамадстве, спрыяе ўзрастанню і развіццю ўсяго, што ёсць праўдай, дабром і хараством», — адзначыў Пантыфік. У гэтым кантэксце Святы Айцец заклікаў каталіцкія мас-медыя несці сучаснаму чалавеку «пасланне праўды і надзеі Пана Езуса».

Па словах Папы, адным з найважнейшых культурных выклікаў у наш час з’яўляецца спосаб разумення праўды. Дамінуючая культура, якая распаўсюдзілася ў арэапагу мас-медыя, займае скептычную і рэлятывісцкую паставу ў адносінах да праўды, трактуючы яе нароўні са звыклымі перакананнямі і меркаваннямі, да таго ж існуе шмат розных і магчымых «праўдаў». Аднак прагненне, якое існуе ў чалавечым сэрцы, сведчыць аб няздольнасці «частковых праўдаў» задаволіць яго. Чалавек, як працягваў Пантыфік, імкнецца да глыбейшай праўды, якая можа ўказаць яму сэнс жыцця, а гэтай праўдай з’яўляецца асоба — Езус Хрыстус.

Святы Айцец заахвоціў каталіцкіх журналістаў, каб іх часопісы былі выданнямі «людзей, якія стараюцца праводзіць сапраўдны дыялог паміж рознымі пластамі грамадства, абмеркаванне супрацьлеглых пазіцый і дыскусіі розных меркаванняў». Неабходнай жа ўмовай добрага выканання гэтай задачы з’яўляецца клопат аб сталай і глыбокай сувязі з Хрыстом.

 
© 2003-2024 Catholic.by