Папа заклікаў акадэмічны свет Рыма да інтэлектуальнага, маральнага і рэлігійнага развіцця | Друк |
Святы Айцец
17.12.2010 12:54

Да сінтэзу інтэлектуальнага развіцця, маральнай дысцыпліны і ўдзелу ў рэлігійным жыцці заклікаў акадэмічны свет Рыма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. 16 снежня 2010 г. Папа сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі рымскіх універсітэтаў у базыліцы св. Пятра.

У сваім разважанні падчас Нешпараў Пантыфік засяродзіўся на словах з Паслання св. Якуба: «Трывайце цярпліва, браты, ажно да прыйсця Пана». Гэтыя словы, як адзначыў, указваюць шлях да Бэтлеема, вызваляючы сэрцы ад усялякай неталерантнасці і фальшывых чаканняў, нагадваюць аб тым, што Бог ужо прыйшоў у свет, ужо дзейнічае ў нашай асабістай і агульнай гісторыі і жадае быць выслуханым. «Цярплівасць і хрысціянская трываласць, аб якіх кажа св. Якуб, з’яўляюцца не сінонімамі апатыі, а цнотамі тых, якія здольныя будаваць не на пяску, а на скале, тых, хто можа паважаць час і ўмовы людзей», — падкрэсліў Святы Айцец.

Як дадаў Папа, шлях да бэтлеемскай стаенкі — гэта вандроўка да ўнутранага вызвалення, да глыбокай свабоды, бо ён пабуджае нас выйсці з нас саміх і рушыць да Бога. Пан жадае даць нам адвагу, асабліва ў тыя хвіліны, калі мы адчуваем сябе змучанымі і патрабуем супакою і радасці пілігрымавання да вечнасці.

Студэнтаў рымскіх універсітэтаў Пантыфік заахвоціў да стараннай вучобы і нястомнага распазнання. «У наш час адчуваецца патрэба ў новым класе інтэлектуалаў, здольных да інтэрпрэтацыі грамадскай і культурнай дынамікі, да рашэнняў, не абстрактных, а канкрэтных і рэалістычных. Універсітэт пакліканы адыгрываць гэтую ролю, а Касцёл упэўнены ў гэтым і актыўна падтрымлівае такую дзейнасць», — адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Святы Айцец казаў таксама аб важнасці супрацоўніцтва свецкіх універсітэтаў з тэалагічнымі навучальнымі ўстановамі. Такое супрацоўніцтва можа паказаць, што «магчымы новы дыялог і супрацоўніцтва паміж хрысціянскай верай і рознымі галінамі ведаў, без змешвання і раздзялення, але з падзелам адных і тых жа імкненняў служыць чалавеку ў яго паўнаце».

На заканчэнне Папа ўзгадаў аб копіі абраза Марыі — Сталіцы Мудрасці, якую афрыканскія студэнты перадалі дэлегацыі іспанскай моладзі. Такім чынам, па словах Пантыфіка, студэнты хочуць пераказаць сваім равеснікам плённасць хрысціянскай веры ва ўсім свеце.

 
© 2003-2024 Catholic.by