Патыфік заахвоціў да пераадольвання перашкодаў паміж хрысціянамі | Друк |
Святы Айцец
19.01.2011 17:15

«Штодня ўзрастаць ва ўзаемнай любові, будучы зацікаўленым у пераадольванні тых перашкодаў, якія яшчэ існуюць паміж хрысціянамі» — да гэтага заахвочваў усіх людзей добрай волі Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сённяшняй катэхезы. Разважанні падчас агульнай аўдыенцыі 19 студзеня 2011 г. Папа прысвяціў Тыдню малітваў за адзінства хрысціянаў, які ўчора распачаўся.


Пантыфік падкрэсліў: «Неабходна адчуць, што існуе сапраўднае ўнутранае адзінства паміж усімі тымі, хто крочыць за Панам, а таксама супрацоўнічаць, на колькі гэта магчыма, дзеля вырашэння яшчэ адкрытых пытанняў».

Зыходным пунктам павінна стаць усведамленне таго, што «на гэтай дарозе Пан нас падтрымае і дапаможа, бо без Яго мы не можам гэтага зрабіць». Пантыфік адзначыў таксама, што «як вучні Хрыста мы нясём супольную адказнасць перад светам і павінны несці супольнае служэнне: так, як першая хрысціянская супольнасць у Ерузалеме. Зыходзячы з таго, што ў нас агульнае, мы павінны даваць моцнае сведчанне (заснаванае на духоўных фундаментах і падтрыманае розумам) пра Адзінага Бога, які аб’явіў сябе і прамаўляе да нас праз Хрыста». Папа сцярджае, што менавіта адсюль вынікае патрэба прасіць Бога «аб дары адзінства, каб на ўсім свеце выканаўся Яго план збаўлення і паяднання».

«Адзінства не можа быць вынікам толькі чалавечай дзейнасці, але перш за ўсё Божым дарам», — працягваў Святы Айцец, адзначаючы, што шлях да відавочнай еднасці ўсіх хрысціянаў ідзе праз малітву.

Звяртаючыся да дэвізу сёлетняга Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў «Яны заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам», Пантыфік нагадаў, што ўжо ў дзень Пяцідзесятніцы Дух Святы сышоў на асоб розных моваў і культур. Гэта азначае, што з самага пачатку Касцёл аб’ядноўвае людзей рознага паходжання і менавіта зыходзячы з гэтай розніцы, Дух стварае адно Цела.  

Слуханне навучання апосталаў, братэрская супольнасць, ламанне хлеба і малітва — вось фундамент, на якім, па словах Папы, ідзе наперад будаванне бачнага адзінства Касцёла. Святы Айцец нагадаў, што ў гэтым і ёсць галоўны абавязак супольнасці Касцёла, які выражаецца ў грамадскай зацікаўленасці, хрысціянскай любові і справядлівасці. «Толькі такім чынам можам вымаўляць словы малітвы „Ойча наш“, якая заканчвае кожную аўдыенцую па серадах», — падкрэсліў Пантыфік.

 


 
© 2003-2024 Catholic.by