Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: няхай італьянскі народ заўсёды кіруецца верай
Святы Айцец
16.03.2011 18:01

«Молімся, каб італьянскі народ заўсёды кіраваўся святлом веры — крыніцы надзеі і намаганняў на карысць свабоды, справядлівасці і міру», — адзначаецца ў пасланні Святога Айца Бэнэдыкта XVI, скіраваным на імя Прэзідэнта Італіі Джорджыо Напалітано. Пасланне прымеркавана да 150-годдзя аб’яднання краіны, якое будзе адзначацца 17 сакавіка 2011 г.

Па словах Папы, у палітычнае аб’яднанне Італіі вялікі ўклад унесла хрысціянства, перш за ўсё Каталіцкі Касцёл, яго адукацыйныя і дабрачынныя арганізацыі, а таксама багатая культурная спадчына. На фарміраванне італьянскай адметнасці ўплывалі і многія святыя, сярод якіх апекуны краіны — св. Францішак Асізскі і св. Кацярына Сіенская. Уклад Касцёла і вернікаў працягваўся ў Новы час і сёння. «Менавіта таму палітычнае аб’яднанне Італіі, якое адбылося ў другой палове ХІХ ст., было не штучнай канструкцыяй, а натуральным палітычным вынікам моцнай нацыянальнай адметнасці, якая існавала здаўна», — дадае Святы Айцец.

Як чытаем у пасланні, сярод стваральнікаў аб’яднанай дзяржавы былі таксама прадстаўнікі каталіцкага свету. Працэс будавання палітычна-інстытуцыянальнай дзяржавы, перад якой паўстала б праблема суверэннасці Папы і якая б уводзіла на новых тэрыторыях свецкае заканадаўства, нараджаў у сумленні католікаў супярэчнасць паміж пачуццём прыналежнасці да Касцёла і грамадзянскімі пачуццямі. Аднак, як падкрэсліваецца, канфлікту ў грамадстве не адбылося. Перыяд, калі католікі не ўдзельнічалі ў палітычным жыцці, спрыяў адчуванню імі адказнасці за выхаванне, адукацыю, ахову здароўя, што вяло да будавання большай салідарнасці ў грамадстве.

Папа выказаў удзячнасць італьянскаму народу за яго дапамогу Ватыкану, якая робіць магчымым духоўнае служэнне наступніка Пятра ў свеце. Таксама Пантыфік падзякаваў дзяржаўным уладам краіны за супрацоўніцтва.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.