Святы Айцец пра натхненне і праўду ў Бібліі | Друк |
Святы Айцец
05.05.2011 17:25

У гэтыя дні ў Ватыкане праходзіць пасяджэнне Папскай біблійнай камісіі на тэму натхнення і праўды ў Святым Пісанні. З гэтай нагоды да старшыні ведамства кардынала Уільяма Левады звярнуўся з пасланнем Святы Айцец.

У пасланні Пантыфік перасцерагае ад механічнага прачытання і вырывання з кантэксту Святога Пісання.

«Інтэрпрытацыя Святога Пісання, якая абыходзіць ці забывае аб натхненні, не ўлічвае яго найважнейшыя і найкаштоўнейшыя асаблівасці — а менавіта тое, што паходзіць ад Бога», — адзначыў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што пытанне натхнення звязана з тэмай праўды Пісання. Таму паглыбленне дынамікі натхнення несумненна прывядзе да лепшага разумення праўды, заключанай у святых кнігах.

«Праз сваё слова Бог жадае перадаць нам праўду пра сябе і аб сваім плане збаўлення чалавецтва. Такім чынам, намаганне больш глыбока пазнаць праўду святых кніг азначае спробу лепш пазнаць таямніцы збаўчай волі Бога», — чытаем у пасланні Пантыфіка.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што Папская біблійная камісія паклікана ўнесці свой важкі ўклад у паглыбленне разумення Святога Пісання. «Для жыцця і місіі Касцёла фундаментальным з’яўляецца тое, каб святыя тэксты разумеліся згодна са сваёй прыродай: натхненне і праўда з’яўляюцца асноўнымі характарыстыкамі гэтай прыроды», — падкрэсліў Папа.

 
© 2003-2024 Catholic.by