Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа звярнуўся да касманаўтаў
Святы Айцец
23.05.2011 11:24

21 мая 2011 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў удзел у сеансе сувязі з экіпажам Міжнароднай касмічнай станцыі.

У зале Апостальскага палаца прысутнічаў таксама Прэзідэнт Італьянскага касмічнага агенцтва Энрыко Саджэзэ, дырэктар праграмы палётаў людзей у космас Еўрапейскага касмічнага агенцтва палкоўнік Томас Райтэр і начальнік італьянскіх ваенна-паветраных сіл генерал-маёр авіяцыі Джузэппэ Бэрнардзіс. Сеанс сувязі з 12 астранаўтамі шатла «Індэвор» працягваўся 20 хвілін.

«Я вельмі рады, што маю гэту ўнікальную магчымасць размаўляць з вамі падчас вашай місіі, — звярнуўся Папа да астранаўтаў. — Асабліва ўдзячны за магчымасць звяртацца да такой шматлікай групы, калі два экіпажы знаходзяцца разам на касмічнай станцыі».

Папа падкрэсліў, што чалавецтва перажывае перыяд надзвычай хуткага прагрэсу ў галіне навуковых ведаў і тэхнічных даследаванняў. «Вы з’яўляецеся нашымі прадстаўнікамі, піянерамі ў адкрыцці чалавецтву новых прастораў і магчымасцяў для будучыні, выходзячы за рамкі абмежаванняў нашага штодзённага існавання», — падкрэсліў Святы Айцец.

«Мы ўсе захапляемся вашай мужнасцю, а таксама дысцыплінай і адказнасцю, з якімі вы падыходзіце да гэтай місіі, — цытуе словы Пантыфіка Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — Мы перакананы, што вас натхняюць высакародныя ідэалы, і што вы маеце намер аддаць вынікі вашых даследаванняў і намаганняў у распараджэнне ўсяго чалавецтва, для агульнага дабра».

Святы Айцец падзякаваў касманаўтам за магчымасць разам паразважаць над пытаннямі, якія закранаюць будучае чалавецтва, і ўдзяліў ім сваё апостальскае благаслаўленне.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.