Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец скіраваў пасланне ўдзельнікам Міжнароднай экуменічнай сустрэчы ў Басэ
Святы Айцец
08.09.2011 13:07

Бэнэдыкт XVI скіраваў прывітальнае пасланне ўдзельнікам Міжнароднай экуменічнай сустрэчы, прысвечанай праваслаўнай духоўнасці, што праходзіць 7–10 верасня 2011 г. у італьянскім кляштары Басэ.

Арганізатарам мерапрыемства, што праходзіць на тэму «Божае слова ў духоўным жыцці», з’яўляюцца таксама Канстанцінопальскі і Маскоўскі Патрыярхаты.

У тэлеграме, скіраванай удзельнікам мерапрыемства, Святы Айцец адзначыў, што гэтая сустрэча можа «паспрыяць абноўленай дзейнасці на карысць духоўнага адзінства і евангельскага сведчання, адкрываючы багацце Святога Пісання, любімага на Усходзе і на Захадзе».

Мэтай форума ў Басэ, як паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, з’яўляецца адкрыццё сутнаснага адзінства паміж Святым Пісаннем і духоўным жыццём.

«Слова Божае сапраўды вельмі важнае ў духоўным жыцці, у тым вымярэнні, у якім яно падтрымлівае на жыццёвым шляху і насычае сэрца», — адзначыў Барталамей І у скіраваным пасланні.

Патрыярх Кірыл у пасланні ўдзельнікам форума адзначыў, што «Царква жыве і дыхае Божым словам не толькі таму, што чытанне Старога і Новага Запаветаў з’яўляецца важным элементам літургіі, але таму, што ўся царкоўная малітва прасякнута Божым словам, якое накіроўвае да збаўлення, што дасягаецца праз веру ў Езуса Хрыста».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.