Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI заклікаў біскупаў Індыі да клопату аб каталіцкай адукацыі
Святы Айцец
08.09.2011 16:58

Да клопату аб каталіцкім характары касцёльных школ, якасці адукацыі і вернага перадавання праўдаў веры заклікаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI групу біскупаў з Індыі, якія знаходзяцца ў Ватыкане з візітам ad limina Apostolorum. Папа сустрэўся з іерархамі 8 верасня 2011 г. у сваёй рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа.

Пантыфік падкрэсліў вялікі ўклад касцёльных арганізацый у жыццё Індыі. Асаблівую ролю сярод іх адыгрываюць школы, якія рыхтуюць маладых жыхароў краіны да будавання справядлівага грамадства. Як адзначыў Святы Айцец, гэтыя школы павінны не толькі дапамагаць моладзі ў духоўным, інтэлектуальным і маральным развіцці, але і рыхтаваць іх да больш шчаслівага і прадуктыўнага жыцця. Папа заахвоціў біскупаў звяртаць увагу на якасць навучання, каб касцёльныя школы былі сапраўды каталіцкімі і здольнымі перадаваць праўды і каштоўнасці, неабходныя для збаўлення.

Па словах Папы, каталіцкія школы павінны перадаваць праўды веры лагодна, але разам з тым рашуча. Гэта датычыць асабліва вышэйшых каталіцкіх навучальных устаноў. Таксама Пантыфік нагадаў, што важна заахвочваць асобаў, адказных за адукацыю, да паглыблення сваёй веры, каб больш паспяхова абвяшчаць праўды Хрыста.

Святы Айцец падкрэсліў і значэнне сведчання веры законнікаў і законніц, жыццё якіх з’яўляецца крыніцай духоўнай плённасці ўсёй хрысціянскай супольнасці. «Адкрываючыся на Божую ласку, законнікі і законніцы натхняюць іншых з даверам, пакорай і радасцю адказваць на запрашэнне Бога пайсці за Ім», — дадаў Папа і заклікаў індыйскіх біскупаў да клопату аб пакліканнях да кансэкраванага жыцця і малітваў у гэтай інтэнцыі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.