Бэнэдыкт XVI запаліў агні на самай высокай каляднай ёлцы ў свеце | Друк |
Святы Айцец
09.12.2011 10:49

Самая вялікая калядная ёлка ў італьянскім горадзе Губбіо павінна дапамагаць уздымацца да Бога, прымаць Хрыста і несці Яго святло ў сучасны свет. Аб гэтым казаў папа Бэнэдыкт XVI падчас цырымоніі адкрыцця каляднай ёлкі ў гэтым гарадку. Здзейсніў гэта Пантыфік з дапамогай планшэта iPad 7 снежня 2011 г.

На цырымоніі Папа не прысутнічаў асабіста, але прымаў у ёй удзел праз відэа-канферэнцыю. Звяртаючыся да жыхароў і турыстаў Губбіо, Святы Айцец заахвоціў не спыняцца толькі на матэрыяльным, але здолець крочыць да таго, што ўзнёслае, «да Бога, які ніколі не забывае пра нас, але просіць, каб і мы памяталі пра Яго».

Папа пажадаў прысутным, каб неслі святло ў тыя асяроддзі, дзе жывуць, каб кожны быў святлом для самых блізкіх асоб, пакідаючы эгаізм, звяртаў увагу на іншага чалавека і адараў яго сваёй любоўю.

«Кожны невялікі жэст дабра нібы маленькі агеньчык гэтага вялікага дрэва: разам з іншымі агеньчыкамі ён можа асвяціць цемру ночы», — адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Ёлка з Губбіо з’яўляецца сімвалам спакою і братэрства паміж народамі. У 1991 г. трапіла ў кнігу рэкордаў Гінэса як самая высокая калядная ёлка. Вышыня яе складае 650, а шырыня — 350 метраў. 


 
© 2003-2024 Catholic.by