Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Святога Айца на Сусветны дзень міру
Святы Айцец
29.12.2011 14:01

16 снежня 2011 г. было апублікавана пасланне Святога Айца на Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца 1 студзеня. Сёлета яно адрасавана асаблівым чынам да моладзі, бацькоў, сем’яў і ўсіх, хто працуе ў галіне выхавання і адукацыі, а таксама лідэраў у розных сферах: рэлігійнай, грамадскай, палітычнай, эканамічнай, культурнай, сродкаў масавай інфармацыі.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, ва ўступе адзначаецца, што адукацыя з’яўляецца і правам (універсальным і незалежным ад гендэрнага, рэлігійнага або сацыяльнага становішча), і абавязкам (бацькоў, грамадства і адрасатаў адукацыйнага працэсу). Сапраўднае выхаванне — гэта «выхаванне ў праўдзе і свабодзе», крыніцай якога з’яўляецца Бог. Яно ўключае ў сябе навучанне адказнаму выкарыстанню свабоды, якая мае «вырашальнае значэнне для распаўсюджвання справядлівасці і міру».

У пасланні адзначаецца, што бацькі з’яўляюцца першымі педагогамі: сям’я — гэта «першая школа» выхавання ў сферы справядлівасці і міру. Адказныя за адукацыйныя ўстановы маюць абавязак забяспечыць, каб дзеці маглі атрымліваць адукацыю згодна з прынцыпамі сумлення, якія вызначыла іх сям’я. Палітычныя лідэры, як дадае Папа, павінны працаваць над тым, каб гарантаваць доступ да адукацыі, падтрымліваць сем’і і адукацыйныя ўстановы ў іх місіі і забяспечыць, каб сем’і мелі магчымасць і права выбраць тыя ўстановы, якія яны лічаць найбольш адпаведнымі для сваіх дзяцей.

У сваім пасланні Бэнэдыкт XVI звяртае ўвагу на тое, што справядлівасць з’яўляецца не проста вынікам дамоўленасці паміж людзьмі. Крытэрый справядлівасці — гэта цэласнае бачанне чалавека. Такое бачанне дазваляе нам адмовіцца ад «дагаворнай» канцэпцыі справядлівасці і дае магчымасць убачыць справядлівасць на гарызонце салідарнасці і любові.

«Для таго, каб быць сапраўднымі міратворцамі, — звяртае ўвагу Папа, — мы павінны выхоўваць сябе ў спагадзе, салідарнасці, сумеснай працы, братэрстве, мець актыўную грамадскую пазіцыю, паводле сумлення вырашаць нацыянальныя і міжнародныя пытанні і шукаць адэкватныя механізмы размеркавання багацця, падтрымання росту, супрацоўніцтва ў мэтах развіцця і рашэння канфліктаў». Мір для ўсіх, па словах Пантыфіка, «з’яўляецца плёнам справядлівасці кожнага, і ніхто не можа ўхіляцца ад гэтай найважнейшай задачы садзейнічання справядлівасці, у адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй, робячы гэта адказна».

Папа звярнуў таксама ўвагу на ролю СМІ ў працэсе выхавання. «У сучасным грамадстве, — адзначае Пантыфік, — сродкі масавай інфармацыі граюць асаблівую ролю: яны не толькі інфармуюць, але таксама фарміруюць дух сваёй аўдыторыі, і таму яны могуць унесці істотны ўклад у выхаванне моладзі. Важна ніколі не забывацца, што сувязь паміж выхаваннем і камунікацыяй надзвычай моцная: выхаванне адбываецца пасродкам адносін, якія могуць станоўча або адмоўна ўплываць на фарміраванне асобы».

«Маладыя людзі таксама павінны мець мужнасць жыць тымі ж высокімі стандартамі, якія самі ўстанаўліваюць для іншых, — падкрэслівае Святы Айцец, звяртаючыся да моладзі. — На іх ляжыць вялікая адказнасць. Няхай яны знойдуць сілы, каб добра і разумна выкарыстаць сваю свабоду. Яны таксама нясуць адказнасць за сваё выхаванне, у тым ліку да справядлівасці і міру».

Пасланне завяршаецца заклікам Святога Айца да маладых людзей не паддавацца апатыі, не шукаць лёгкіх рашэнняў складаных праблем. «Не бойцеся выбіраць шляхі, якія патрабуюць вернасці і сталасці, сціпласці і адданасці справе. Будзьце ўпэўненыя ў сваёй маладосці і сваім глыбокім жаданні шчасця, праўды, прыгажосці і сапраўднай любові! Жывіце поўным жыццём, пазначаным энтузіязмам», — заклікае моладзь Бэнэдыкт XVI у заключэнні паслання на Дзень міру.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме