Бэнэдыкт ХVI звярнуўся да ўдзельнікаў сустрэчы моладзі ў Берліне | Друк |
Святы Айцец
28.12.2011 13:55

28 снежня 2011 года ў Берліне распачалася 34-я Еўрапейская сустрэча моладзі ў Берліне. Да маладых людзей свае пасланні скіравалі шматлікія рэлігійныя кіраўнікі і палітычныя дзеячы.

Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI заклікае моладзь «паглыбіць крыніцы даверу і адкрыць шляхі ва ўсім свеце». «Давер не з’яўляецца сляпой наіўнасцю. Вызваляючы вас ад страху, давер, які мае ў аснове вашую веру ў Хрыста і прысутнасць Святога Духа ў вашых сэрцах, робіць вас гатовымі адказаць на шматлікія выклікі і перамагаць цяжкасці, з якімі сёння павінны змагацца мужчыны і жанчыны», — прыводзіць словы Папы Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл нагадвае, што садзейнічанне чалавечай салідарнасці мае свае карані ў Божым Нараджэнні: «Боскае сыноўства ўсіх людзей значыць братэрства паміж імі, перавышае ўсе нацыянальныя і сацыяльныя адрозненні», — падкрэсліў Патрыярх.

Канстанцінопальскі Патрыярх Барталамей І, звяртаючыся да тэмы сустрэчы «Пілігрымы надзеі», адзначыў, што жыццё чалавека часта параўноўваецца з падарожжам, падобным да пілігрымкі.

Пасланні накіравалі таксама Генеральны сакратар Сусветнай рады Цэркваў пастар Олав Твейт, Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун, канцлер Германіі Ангела Меркель і іншыя.

 
© 2003-2024 Catholic.by