Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI назваў Эўхарыстыю вяршыняй хрысціянскай малітвы
Святы Айцец
11.01.2012 16:20

Падчас агульнай аўдыенцыі ў сераду 11 студзеня 2012 года Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прапанваў паразважаць над Эўхарыстыяй як вяршыняй хрысціянскай малітвы. Пантыфік узгадаў малітву Пана ў Аліўным садзе, адзначыўшы, што цэлебрацыя літургіі з’яўляецца яднаннем з малітвай Езуса.

Разважаючы над словамі і жэстамі Хрыста падчас устанаўлення Ім Эўхарыстыі, Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што евангелісты ўказваюць на малітву падзякі і благаслаўлення, якую Езус прамовіў перад тым, як паламаць хлеб і раздаць вучням.

«Малітва праслаўлення і падзякі, скіраваная да Бога, вяртаецца, як благаслаўленне, якое сыходзіць ад Бога на дар і робіць яго больш каштоўным. Падзяка і праслаўленне становяцца такім чынам благаслаўленнем. Ахвяра, прынесеная Богу, вяртаецца да чалавека благаслаўлёнай Усемагутным», — адзначыў Святы Айцец.

Папа звярнуў таксама ўвагу на тое, што Езус паламаў хлеб і раздаў віно — учыніў жэсты, якія кажуць аб шчырасці і адкрытасці.

«Езус дорыць будучае жыццё, якое ў Яго будзе забрана, і такім чынам перамяняе сваю мучаніцкую смерць у свабодны дар з самаго Сябе для іншых. Мука такім чынам перамяняецца ў актыўную самаахвяру, свабодную і збаўчую», — прыводзіць словы Святога Айца Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

«Дарагія браты і сёстры, прымаючы ўдзел у Эўхарыстыі, мы незвычайным чынам перажываем малітву, якую Езус учыніў і працягвае чыніць, каб зло, з якім мы сустракаемся ў жыцці, не магло перамагчы, і ў нас дзейнічала перамяняючая сіла смерці і ўваскрасення Хрыста», — заахвочваў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў вернікаў прасіць у Бога, каб удзел у Эўхарыстыі, неабходны для хрысціянскага жыцця, заўсёды быў вяршыняй малітвы.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.