Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец пра ролю духоўнага кіраўніцтва на шляху веры
Святы Айцец
16.01.2012 11:20

Шматлікія вернікі Рыма і госці з-за мяжы прынялі ўдзел у нядзельнай агульнай аўдыенцыі Святога Айца Бэнэдыкта XVI. Пантыфік звярнуў увагу на пытанне пасрэдніцтва на шляху да веры і заклікаў прысутных адкрыць для сябе важнасць на ім духоўнага кіраўніцтва.

Святы Айцец адзначыў, што ўрыўкі Святога Пісання на нядзелю 15 студзеня 2012 г. уздымаюць тэму паклікання. У Евангеллі — пакліканне першых вучняў Езуса, а ў першым чытанні — пакліканне прарока Самуэля.

Як адзначыў Бэнэдыкт XVI, у абодвух аповедах узвышаецца роля пасрэдніка, які дапамагае пакліканым пачуць голас Бога і ісці за ім. У выпадку Самуэля, гаворка ідзе аб Эліі, святары храма ў Сіло, дзе са старадаўніх часоў захоўваўся каўчэг запавету, перш чым ён быў перанесены ў Іерусалім. А ў выпадку вучняў Езуса пасрэднікам быў Ян Хрысціцель.

«Ян меў вельмі шмат вучняў, і сярод іх былі таксама дзве пары братоў: Сымон і Андрэй, Якуб і Ян — рыбакі з Галілеі. Двум з іх Ян Хрысціцель паказаў Езуса на наступны дзень пасля хросту ў Ярдане. Ян Хрысціцель сказаў: „Вось Ягнё Божае”, што азначала: вось Месія. І гэтыя два браты пайшлі за Езусам, засталіся з Ім і ўпэўніліся ў тым, што Ён сапраўды быў Хрыстом. Яны хутка расказалі аб гэтым іншым, і так узнікла першая суполка, якая ў будучыні стала супольнасцю апосталаў», — адзначыў Святы Айцец.

«У святле гэтых двух тэкстаў хачу падкрэсліць важную ролю духоўнага кіраўніцтва на шляху веры і асабліва ў тым, што датычыць адказу на пакліканне служыць Богу і Яго народу. Сама хрысціянская вера ўключае ў сябе абвяшчэнне і сведчанне. Сапраўды, яно заключаецца ў распаўсюджванні добрай навіны аб тым, што Езус з Назарэта памёр і ўваскрос і што Ён з’яўляецца Богам. Такім чынам, пакліканне наследаваць Езуса, адмаўляючыся ад стварэння ўласнай сям’і і прысвячаючы сябе вялікай сям’і, якой з’яўляецца Касцёл, праходзіць праз сведчанне і прапанову з боку „старэйшага брата”, звычайна святара. Канечне, варта не забываць аб фундаментальнай ролі бацькоў, якія сваёй сталай і радаснай верай, вернай сужэнскай любоўю сведчаць перад дзецьмі аб тым, што прыгожа і магчыма будаваць сваё жыццё на любові Бога», — прыводзіць словы Папы Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.