Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI у пасланні на Вялікі пост заклікаў узрастаць у любові, служэнні і добрых справах
Святы Айцец
21.02.2012 10:58

У пасланні Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Вялікі пост, якое ён скіраваў да вернікаў 7 лютага 2012 г., Пантыфік падкрэсліў, што гэты перыяд з’яўляецца магчымасцю паразважаць аб сэрцы хрысціянскага жыцця — любові. Фундаментам для разважанняў Папы стаў кароткі фрагмент з Паслання да Габрэяў: «Будзем уважлівымі адно на аднаго, заахвочваючы да любові і добрых спраў».

Святы Айцец падкрэсліў, што «часта дамінуе супрацьлеглая пазіцыя: абыякавасць, незацікаўленасць, прычынай якіх з’яўляецца эгаізм, схаваны пад выглядам павагі да „асабістага жыцця“». «Быць уважлівым да іншага азначае жадаць яго ці яе дабра ва ўсіх аспектах: фізічным, маральным і духоўным. (...) Дабро — гэта тое, што ўзвышае, спрыяе жыццю, братэрству і адзінству», — адзначыў Пантыфік. Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на тое, што сёння вялікая ўвага звяртаецца на фізічную ці матэрыяльную дапамогу іншым, але амаль ніколі не гаворыцца аб духоўнай адказнасці за бліжніх. Папа нагадаў, што ў першых хрысціянскіх супольнасцях і асяроддзях, дзе была па-сапраўднаму сталая вера, існаваў клопат не толькі аб цялесным здароўі, але таксама аб душы чалавека.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, Святы Айцец заклікаў вернікаў не маўчаць перад абліччам зла, але з любоўю і міласэрнасцю ўказваць на ўчынкі або спосабы мыслення, якія не адпавядаюць праўдзе і не вядуць да дабра.

Пантыфік нагадаў аб адзінстве, якое існуе паміж людзьмі, і падкрэсліў, што збаўленне бліжняга звязана таксама з жыццём і збаўленнем кожнага чалавека. «Наша існаванне звязана з іншымі, як у дабры, так і ў нягодзе; як у граху, так і ў справах любові, якія маюць сацыяльнае вымярэнне», — адзначыў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што словы св. Паўла «заахвочваць да любові і добрых спраў», з’яўляюцца заклікам да святасці. «Мы ўсе атрымалі духоўныя ці матэрыяльныя багацці, карысныя для выканання Божага плану, дабра Касцёла і асабістага збаўлення. Перад абліччам свету, які чакае ад хрысціян адноўленага сведчання любові і вернасці Пану, няхай усе адчуюць патрэбу ў імкненні узрастаць у любові, служэнні і добрых справах. Гэты заклік з’яўляецца асабліва моцным у святы час падрыхтоўкі да Пасхі», — напісаў у сваім пасланні на Вялікі пост Бэнэдыкт XVI.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.