Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI заахвоціў маліцца за крыўдзіцеляў
Святы Айцец
15.02.2012 15:37

Да малітвы як дару прабачэння тым, хто крыўдзіць нас і чыніць перашкоды, заахвоціў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзельнікаў агульнай аўдыенцыі. У катэхезе, што адбылася 15 лютага 2012 г., Пантыфік асаблівым чынам разважаў над трыма момантамі знаходжання Хрыста на крыжы.

Святы Айцец нагадаў, што першая малітва, якую Езус скіраваў да Айца, была заступніцкай: Ён прасіў аб прабачэнні грахоў сваіх забойцаў: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць» (пар. Лк 23, 33). Такім чынам Езус выконвае тое, да чаго заахвочваў у сваім навучанні, — прабачаў. Менавіта прабачэнне, на думку Папы, дапамагае адкрыцца на навяртанне.

Другім момантам і ўчынкам Езуса, над якім заклікаў паразважаць Пантыфік, стала надзея. Хрыстус даў надзею разбойніку, які быў укрыжаваны побач, на тое, што дабрыня Бога можа дакрануцца да нас нават у апошнюю хвіліну жыцця: «І сказаў яму Езус: „Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі“» (пар. Лк 23, 43). А шчырая малітва, нават у канцы нягоднага жыцця, прывядзе да распасцёртых рук Добрага Айца, які чакае вяртання сына.

Трэцяе і апошняе слова Езуса стала крыкам поўнага даверу Богу: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой» (пар. Лк 23, 46).

«Хрыстус перажывае крыж у поўні любові, у сапраўдных адносінах з Богам, якія ажыўляюць Яго малітву», — адзначыў Бэнэдыкт XVI.

«Езус, які просіць Айца прабачыць тым, хто Яго ўкрыжаваў, заахвочвае нас да складанай малітвы таксама за тых, хто крыўдзіць нас, перашкаджае, каб здолелі заўсёды прабачаць, каб Божае святло магло асвяціць іх сэрцы; заахвочвае нас жыць у нашай малітве тымі ж паставамі міласэрнасці і любові, якія Бог мае ў адносінах да нас: „адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым“ кажам штодня ў малітве „Ойча наш“ — падкрэсліў Папа. — Таксама Езус, які ў хвіліну смерці цалкам аддаецца ў рукі Бога Айца, дае нам упэўненасць у тым, што незалежна ад таго, якімі б цяжкімі не былі выпрабаванні, якімі б складанымі не былі праблемы і цяжкімі цярпені, ніколі не „выпадзем“ з рук Бога, з тых рук, якія нас стварылі, падтрымліваюць і суправаджаюць на дарозе жыцця, бо імі кіруе бясконцая і верная любоў».


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.