Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: насілле не служыць чалавецтву, а дэгуманізуе яго
Святы Айцец
12.03.2012 12:28

Падчас нядзельнай агульнай аўдыенцыі 11 сакавіка 2012 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI разважаў над евангельскім фрагментам, у якім апавядаецца аб тым, як Езус выгнаў са святыні гандляроў і ўстанавіў новы культ — культ любові, новай святыні, якой з’яўляецца Ён сам.

«Дадзены факт, які быў пераказаны ўсімі евангелістамі, адбыўся напярэдадні свята Пасхі і зрабіў вялікае ўражанне, як на натоўп, так і на вучняў, — адзначыў Пантыфік. —  Як мы павінны разумець гэты жэст Езуса? Перш за ўсё трэба ўсведамляць, што ён не выклікаў якога-небудзь пераследу з боку ахоўнікаў парадку, бо ў ім бачылі тыповы прароцкі жэст: прарокі ў імя Бога часта выкрывалі злоўжыванні і чынілі гэта сімвалічнымі ўчынкамі. Вось чаму юдэі спыталіся ў Езуса: „Які знака пакажаш нам, што можаш гэтак рабіць?“ — бо хацелі, каб Ён прадэманстраваў, што сапраўды дзейнічае ў імя Бога».

«Выгнанне гандляроў са святыні было інтэрпрэтавана ў палітыка-рэвалюцыйным сэнсе, ставячы Езуса ў адзін рад з удзельнікамі руху зелотаў. Яны былі „раўніўцамі” закону Божага і былі гатовы выкарыстоўваць насілле, каб прымусіць захоўваць яго (…). Насамрэч немагчыма тлумачыць паводзіны Езуса як гвалтоўныя: насілле супрацьлеглае Валадарству Божаму. Яно з’яўляецца прыладай антыхрыста. Насілле не служыць чалавецтву, але дэгуманізуе яго».

Як адзначыў Папа, сапраўдным знакам аўтарытэту Езуса стане Яго смерць і ўваскрасенне. «З Пасхай Езус пачаў новы культ, культ любові, новай святыні, якой з’яўляецца Ён сам, Уваскрослы Хрыстус, праз якога кожны вернік можа шанаваць Бога Айца „ў духу і праўдзе“», — патлумачыў Пантыфік.

Напрыканцы разважання, як паведамляе Ватыканскае радыё, Святы Айцец заклікаў прысутных быць жывым каменем духоўнай святыні.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.