Адзін дзень з жыцця папы Бэнэдыкта XVI | Друк |
Святы Айцец
28.03.2012 18:21

Цікава, як выглядае дзень Папы Рымскага? Кіраваць паўсюдным Касцёлам і быць у курсе падзей ва ўсім свеце — няпростая справа. Італьянскі журналіст Альда Марыя Валлі дае кароткае апісанне аднаго дня Святога Айца Бэнэдыкта XVI.

Папа Бэнэдыкт XVI прачынаецца ў 5.00, штодзень моліцца Ружанец, карыстаецца мабільным тэлефонам, нумар якога ведаюць толькі самыя блізкія супрацоўнікі.

Па словах Марыі Валіі, Папа, як сапраўдны немец, любіць распланаваць свой дзень да найдрабнейшых дэталяў.

Так, дзень Святога Айца распачынаецца святой Імшой а 7-й гадзіне раніцы. Потым Папа снедае і працуе да 11.00 у кабінеце, дзе знаходзяцца два тэлефоны (адзін з іх мабільны).

Бэнэдыкт XVI любіць быць у курсе бягучых падзей ва ўсім свеце і чытае навіны на розных мовах — нямецкай, італьянскай, англійскай, французскай, іспанскай. Пасля завяршэння ранішняй працы, Папа сустракаецца з кіраўнікамі дзяржаў, пасламі і іерархамі на другім паверсе Апостальскага Палаца.

У 13.30 заўсёды абед. Бэнэдыкт XVI ніколі не п’е віна, але любіць апельсінавы сок.

У 15.30 Пантыфік вяртаецца ў свой кабінет, каб прысвяціць рэшту дня напісанню дакументаў, прамоваў і казанняў. Папа не карыстаецца камп’ютарам і ўсё піша ад рукі.

У 17.30 Святы Айцец падпісвае дакументы, падрыхтаваныя яго сакратарамі. Потым настае час для вячэрняй прагулкі Ватыканскімі садамі і час для ружанцовай малітвы ля фігуры Маці Божай з Лурд. Затым лёгкая вячэра, праца ў кабінеце і малітвы на заканчэнне дня.

Папа ніколі не кладзецца спаць раней за 23.00. «Каб пераканацца ў гэтым, вам трэба проста прайсціся па плошчы Святога Пятра ў гэты час і паглядзець, ці гарыць святло ў вакне на апошнім паверсе Апостальскага Палаца», — піша італьянскі журналіст Альдо Марыя Валлі.

 
© 2003-2024 Catholic.by