Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI пра належную падрыхтоўку дзяцей да Першай камуніі
Святы Айцец
23.04.2012 10:22

22 красавіка 2012 г. падчас агульнай аўдыенцыі Святы Айцец Бэнэдыкт XVI нагадаў, што пасля свайго ўваскрасення Езус Хрыстус рэальна прысутнічае ў сакрамэнтах, асабліва Эўхарыстыі. Таму Папа заклікаў святароў і катэхетаў сур’ёзна падыходзіць да падрыхтоўкі дзяцей да Першай камуніі, каб даць ім шанс сустрэць сапраўднага Хрыста.

«Сёння, у трэцюю Велікодную нядзелю, мы сустракаем у Евангеллі паводле Лукі ўваскрослага Езуса, які з’яўляецца сярод вучняў, поўных недаверу і страхаў: яны думаюць, што ўбачылі духа, — звярнуўся да прысутных Папа. — Рамана Гуардзіні пісаў: „Пан змяніўся. Ён не жыве так, як раней. Яго існаванне (...) не можа быць зразумета. Але яно з’яўляецца існаваннем цялесным (...), ахоплівае ўсё Яго жыццё, усё прадвызначэнне, Яго муку і смерць. Усё гэта рэальнасць. Хоць і перамененая, але заўсёды адчувальная”. А паколькі ўваскрасенне не выдаляе слядоў укрыжавання, Езус паказвае вучням рукі і ногі. І, каб іх пераканаць, нават просіць у іх паесці».

На думку Святога Айца, дзякуючы гэтым вельмі рэалістычным знакам, вучні пераадольваюць першапачатковыя сумневы і адкрываюцца на дар веры.

«Збаўца запэўнівае ў сваёй рэальнай прысутнасці сярод нас праз слова і Эўхарыстыю. Такім чынам, як вучні з Эмауса пазналі Езуса падчас ламання хлеба (пар. Лк 24, 35), так і мы сустракаем Пана ў Эўхарыстыі. У сувязі з гэтым св. Тамаш Аквінскі тлумачыць, што „неабходна прызнаць, у адпаведнасці з каталіцкай верай, што ўвесь Хрыстус прысутнічае ў гэтым сакрамэнце (...), бо ніколі боскасць не пакідала цела, якое прыняла”», — адзначыў Папа.

«Дарагія сябры, у велікодны перыяд Касцёл, як правіла, удзяляе дзецям Першую святую Камунію. Таму я заклікаю душпастыраў, катэхетаў і бацькоў добра падрыхтаваць гэтае свята веры, з вялікім запалам, але і з прастатой», — прыводзіць словы Бэнэдыкта XVI Ватыканскае радыё.

Пасля малітвы «Regina Caeli» Папа ўзгадаў пра беатыфікацыю ў Мексіцы мясцовай законніцы Марыі Інэс Тэрэзы ад Найсвяцейшага Сакрамэнту і Дзень каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца, які 22 красавіка праходзіць у Італіі пад дэвізам «Будучыня краіны ў сэрцах моладзі».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.