Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: адзінства з Панам і малітва даюць жыццё
Святы Айцец
07.05.2012 10:53

6 мая 2012 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з вернікамі на малітве «Анёл Панскі». У прамове Папа звярнуўся да тэксту нядзельнага Евангелля, дзе Хрыстус параўноўваецца з вінаграднай лазой: «Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец мой — вінаградар» (пар. Ян 15, 1).

У Бібліі Ізраэль часта параўноўваецца з урадлівым вінаграднікам, калі ён верны Богу. Калі ж народ аддаляецца ад Яго, то становіцца бясплодным.

Сапраўдным Божым вінаграднікам, сапраўднай вінаграднай лазой з’яўляецца Езус, які сваёй ахвярай любові дае нам збаўленне, адкрывае шлях, каб мы станавіліся часткай гэтага вінаградніка. І так, як Хрыстус застаецца ў любові Бога Айца, так і вучні, ачышчаныя словам Настаўніка, калі аб’яднаныя з Ім, становяцца галінкамі, якія прыносяць багаты плён.

«У дзень нашага хросту Касцёл „прывівае“ нас як вінаградныя галінкі, у Пасхальную таямніцу Езуса, у саму Яго асобу. З гэтага кораня мы атрымліваем каштоўны сок для ўдзелу ў Боскім жыцці. Як вучні мы з дапамогай пастыраў Касцёла ўзрастаем у вінаградніку Пана, злучаныя Яго любоўю», — прыводзіць словы Бэнэдыкта XVI Ватыканскае радыё.

«Калі плодам, які мы павінны прынесці, з’яўляецца любоў, то яго ўмовай з’яўляецца „трыванне”, якое глыбока злучана з верай», — адзначыў Пантыфік і дадаў, што заўсёды неабходна быць у еднасці з Езусам, быць залежнымі ад Яго, «бо без Яго мы нічога не можам зрабіць».

«Дарагія сябры, кожны з нас з’яўляецца вінаграднай лазой, якая жыве толькі тады, калі кожны дзень расце ў малітве, у прыманні святых сакрамэнтаў, у любові і адзінстве з Панам. Але той, хто любіць Езуса, сапраўдную вінаградную лазу, прыносіць плёны веры для багатага духоўнага жніва», — звярнуўся да прысутных Святы Айцец.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.