Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI пра таямніцу Унебаўшэсця Пана
Святы Айцец
21.05.2012 10:36

«Унебаўшэсце кажа нам, што ў Хрысце наша чалавечнасць узносіцца да вышыняў Бога», — з такімі словамі звярнуўся да сабраных на плошчы Св. Пятра ў Рыме Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. 20 мая перад трыдыцыйнай малітвай «Regina Caeli» Папа, разважаючы над Унебаўшэсцем Пана, якое ў многіх краінах адзначаецца не ў чацвер, а ў бліжэйшую нядзелю, заклікаў вернікаў, гледзячы ў неба, быць сведкамі Божага жыцця на зямлі.

«Унебаўшэсце Пана азначае выкананне збаўлення, пачатак якому быў дадзены праз уцелаўленне. Пасля апошніх запаветаў вучням, Езус узышоў на неба (пар. Мк 16,19). Аднак Ён „не аддзяліўся ад нашага стану”; але наадварот, у сваёй чалавечнасці ахапіў людзей у любові Айца і такім чынам паказаў апошнюю мэту нашага зямнога пілігрымавання. Як для нас Ён зышоў з неба, так для нас Ён пакутаваў і памёр на крыжы, таксама для нас Ён уваскрос і ўзышоў да Бога, які цяпер не далёка, бо Ён — наш Бог і наш Айцец», — адзначыў Пантыфік.

«Унебаўшэсце — гэта апошняе дзеянне ў справе нашага вызвалення з путаў граху, як піша апостал Павел: „Узышоў на вышыні і ўзяў з сабой нявольнікаў” (пар. Эф 4, 8)», — дадаў Бэнэдыкт XVI.

«Дарагія сябры, Унебаўшэсце кажа нам, што ў Хрысце наша чалавечнасць узносіцца да вышыняў Бога; так, кожны раз, калі мы молімся, зямля злучаецца з небам. І, як ладан, згараючы, узносіць увышыню свой духмяны дым, так, калі ўзносім да Бога нашу палкую і верную малітву ў Хрысце, яна прасякае нябёсы і даходзіць да трону Бога, даходзіць да Яго пачутай і выслуханай», — прыводзіць словы Папы Ватыканскае радыё.

Пасля малітвы «Regina Caeli» Пантыфік заклікаў маліцца за ахвяр тэрарыстычнага акту, які адбыўся 19 мая каля адной са школ на поўдні Італіі і за ахвяраў землятрусу, які адбыўся ўноч на 20 мая на поўначы Італіі.

Бэнэдыкт XVI нагадаў таксама, што 20 мая адзначаецца Сусветны дзень сродкаў масавай камунікацыі, тэмай якога ў гэтым годзе з’яўляецца «Маўчанне і слова: шлях да евангелізацыі».

«Маўчанне — гэта неад’емная частка камунікацыі, гэта прывілеяванае месца для сустрэчы са словам Божым і нашымі братамі і сёстрамі. Заклікаю вас маліцца, каб камунікацыя ў любой сваёй форме служыла для ўстанаўлення сапраўднага дыялога, які будзе асноўвацца на ўзаемнай павазе, слуханні і дзяленні», — сказаў Пантыфік.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.