Бэнэдыкт XVI сустрэўся з Генеральным дырэктарам ФАО | Друк |
Святы Айцец
14.06.2012 16:42

14 чэрвеня 2012 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVІ удзяліў аўдыенцыю Генеральнаму дырэктару Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (FAO) Жазэ Грацыяна да Сільву. Кіраўнік ФАО сустрэўся таксама з Дзяржсакратаром Яго Святасці кардыналам Тарчызіо Бэртонэ і Сакратаром па адносінах з дзяржавамі арцыбіскупам Дамінікам Мамбэрці.

«Падчас сардэчнай размовы была адзначана дзейнасць Апостальскай Сталіцы і Каталіцкага Касцёла ў сферы барацьбы з голадам і беднасцю, асабліва на афрыканскім кантыненце, і выказана заклапочанасць трывожнай сітуацыяй, звязанай з харчовай бяспекай у свеце», — гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Апостальскай Сталіцы, якое цытуе Ватыканскае радыё.

Падчас сустрэчы адзначалася, што, нягледзячы на дастатковасць харчовых рэсурсаў у свеце, захоўваюцца перашкоды эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага парадку. «Было выказана пажаданне, каб сельскагаспадарчы сектар зноў набыў першаснае значэнне ў стратэгіях развіцця, а таксама каб ажыццяўлялася спрыянне ўстойлівым мадэлям сельскагаспадарчай вытворчасці і харчовага спажывецтва, якія б гарантавалі большую справядлівасць і эфектыўнасць у кіраванні харчовай сістэмай», — гаворыцца ў паведамленні Святога Пасаду.

 
© 2003-2024 Catholic.by