Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да «Рыцараў Калумба»: дапамагайце рэагаваць на пагрозы для Касцёла і грамадскай маралі
Святы Айцец
07.08.2012 12:47

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI скіраваў пасланне да Карла Альберта Андэрсана, Вярхоўнага Рыцара аб’яднання «Рыцары Калумба» з нагоды 130-га з’езду гэтай найбуйнейшай супольнасці свецкіх католікаў. Форум на тэму «Абвяшчайце аб свабодзе па ўсёй зямлі» пройдзе ў амерыканскім Анахайме 7–9 жніўня.

У пасланні за подпісам кардынала Дзяржсакратара Тарчызіо Бэртонэ адзначаецца, што тэма свабоды ўказвае не толькі на біблійныя ідэалы, на аснове якіх былі пабудаваны Злучаныя Штаты, але таксама нагадвае аб адказнасці кожнага пакалення за захаванне і развіццё гэтых ідэалаў у нашу эпоху. Падкрэсліваецца, што ў той час, як назіраюцца тэндэнцыі па пераглядзе і абмежаванні права на свабоду веравызнання ў ЗША, «Рыцары Калумба» нястомна працуюць, каб дапамагчы каталіцкай супольнасці распазнаць і рэагаваць на гэтыя новыя пагрозы для Касцёла і грамадскай маралі.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, Папа звярнуў увагу на тое, што актуальныя праблемы са свабодай веравызнання ў ЗША з’яўляюцца напамінам аб важнасці апостальскай місіі свецкіх католікаў. Пантыфік выказаў спадзяванне на тое, што форум паспрыяе працягу выканання гэтага задання. У пасланні ўзгадваюцца словы Святога Айца, скіраваныя да амерыканскіх біскупаў падчас візіту «Ad limina Apostolorum» 19 студзеня 2012 г., аб тым, што неабходны «свецкія вернікі, правільна і добра падрыхтаваныя, якія валодаюць крытычным поглядам у адносінах да дамінуючай культуры і мужнасцю, неабходнай, каб супрацьстаяць пануючаму секулярызму, які імкнецца пазбавіць Касцёл магчымасці ўдзельнічаць у дыскусіях па праблемах, што вызначаюць будучыню амерыканскага грамадства».

«Кожны рыцар, паводле абяцанняў, дадзеных падчас хросту, мае абавязак у пакоры і цішыні штодзённа сведчыць аб веры ў Хрыста, любові да Касцёла і адданасці будаванню Валадарства Божага на зямлі», — гаворыцца ў пасланні Святога Айца.

Аб’яднанне «Рыцары Калумба» было заснавана ў канцы ХІХ ст. у касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў Нью-Хэвэне (ЗША) 29-гадовым кс. Майклам Мак Гіўні. Члены арганізацыі абяцалі абараняць сваю радзіму, сем’і і веру, прысвячаючы шмат часу грамадскаму і валанцёрскаму служэнню. Яны займаюцца справамі дабрачыннасці, у парафіях заахвочваюць да дабрачынных дзеяў моладзь, арганізуюць спартыўныя спаборніцтвы, выдаткоўваюць таксама стыпендыі для навучэнцаў духоўных семінарый.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.