Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: свецкія вернікі — «суадказныя» за Касцёл
Святы Айцец
23.08.2012 13:47

23 жніўня Бэнэдыкт XVI скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Міжнароднага форуму Каталіцкай акцыі, які праходзіць 22–26 жніўня ў румынскім Яшы, на тэму «Свецкія вернікі і Каталіцкая акцыя: супольная касцёльная і сацыяльная адказнасць». Святы Айцец падкрэсліў, што свецкія вернікі з’яўляюцца не столькі «паплечнікамі» святароў, колькі «суадказнымі» за стан і дзейнасць Касцёла.

«Таму важна, каб былі кансалідаваны сталыя і дзейсныя свецкія, здольныя зрабіць свой асаблівы ўнёсак у касцёльную місію, з павагай да служэння і абавязкаў, якія кожны мае ў жыцці Касцёла і заўсёды ў сардэчнай еднасці з біскупамі», — адзначыў Папа, чые словы цытуе Ватыканскае радыё. Пантыфік заклікаў удзельнікаў форуму жыць у духу першых хрысціянскіх супольнасцяў, якія, паводле Дзеяў Апосталаў, «мелі адно сэрца і адну душу», а таксама дзейнічаць на карысць місіі Касцёла праз «малітву, вучобу, актыўны ўдзел у касцёльным жыцці, уважліва і пазітыўна гледзячы на свет у пастаянным пошуку знакаў часу».

«Не стамляйцеся заўсёды ўдасканальваць, дзякуючы штодзённай і сур’ёзнай адукацыі, аспекты вашага асаблівага паклікання як свецкіх вернікаў, гэта значыць быцця мужнымі і пераканаўчымі сведкамі ва ўсіх сферах грамадства, каб Евангелле стала святлом, якое нясе надзею ў праблематычных сітуацыях, цяжкасцях, цемры, якую сучасныя людзі сустракаюць у сваім жыцці», — заклікаў Бэнэдыкт XVI.

Папа заахвоціў удзельнікаў форуму абвяшчаць пасланне збаўлення зразумелай для нашага часу мовай. «У гэты гістарычны перыяд у святле сацыяльнага навучання Касцёла працуйце дзеля таго, каб стаць лабараторыяй „глабалізацыі ў салідарнасці і любові“, каб расці, разам з усім Касцёлам, у суадказнасці за тое, каб даць чалавецтву надзею на будучыню, маючы мужнасць таксама фармуляваць неабходныя прапановы», — напісаў Святы Айцец.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.