Апошні том «Езуса з Назарэта» выйдзе на Божае Нараджэнне | Друк |
Святы Айцец
21.09.2012 14:38

21 верасня 2012 г. у Апостальскай Сталіцы было падпісана пагадненне паміж Ватыканскім кніжным выдавецтвам (LEV) і італьянскім выдавецтвам «Rizzoli» ў справе публікацыі апошняга тома трылогіі Святога Айца Бэнэдыкта XVI «Езус з Назарэта». У Італіі кніга будзе выдадзена на Божае Нараджэнне.

Адначасова ў кнігарнях Германіі з’явіцца нямецкі пераклад кнігі, апублікаваны выдавецтвам Гердэра, дзе заўсёды публікаваліся працы Бэнэдыкта XVI.

Канчатковая назва апошняга тома трылогіі яшчэ не вядомая.

Прэс-служба Апостальскай Сталіцы нагадвае, што «Бэнэдыкт XVI накіраваў свае навуковыя старанні і працу на тое, каб зрабіць вядомымі постаць і пасланне Езуса». Прэс-служба выказвае перакананне ў тым, што гэтая «новая і чаканая кніга пра постаць Хрыста ў евангельскіх апісаннях дзяцінства, якая стане дапаўненнем дзвюх папярэдніх», будзе мець «вялікае значэнне з тэалагічнага і навуковага пункту гледжання».

Два папярэднія тамы трылогіі Папы мелі назвы «Езус з Назарэта. Ад хросту ў Ярдане да Перамянення» (2007 г.) і «Езус з Назарэта. Ад уезду ў Ерузалем да ўваскрасення» (2011 г.).

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by